Ці належыць шлем, знойдзены пад Бабруйскам, князю Ізяславу?



На сёння нельга сказаць, ці сапраўды шлем, знойдзены ў красавіку гэтага года пад Бабруйскам (Магілёўская вобласць), належыць полацкаму князю Ізяславу, паведаміла 14 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску загадчык цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вольга Ляўко.

„Вядома, гэта вельмі цікавая знаходка і ўнікальны артэфакт з пункту гледжання яго гістарычнай і мастацкай каштоўнасці”, — заявіла яна. Археолаг пацвердзіла, што знаходка сапраўды можа датавацца канцом Х — пачаткам ХІ стагоддзя і належала чалавеку высокага статусу.

Каментуючы інфармацыю, якая прайшла ў СМІ, аб тым, што шлем можа належаць князю Ізяславу, сыну кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды, Ляўко адзначыла: „У нас не хопіць пальцаў на руках пералічыць імёны ўсіх князёў полацкай зямлі, якім мы будзем усе паселішчы або артэфакты прыпісваць. Кожны князь заслугоўвае павагі, і яго імя трэба згадваць толькі ў тым выпадку, калі ён сапраўды мае дачыненне да падзеі ці прадмета. У нас жа няма ніякіх доказаў таго, што гэты шлем належаў князю Ізяславу, акрамя таго, што яны належаць адной эпосе. Прасцей за ўсё звязаць артэфакт з якім-небудзь гучным імем”.

Паводле слоў археолага, князь Ізяслаў быў не ваяром, а кніжнікам, вельмі веруючым чалавекам. Не трэба „забягаць наперад і выдаваць жаданае за сапраўднае”, лічыць Ляўко. „Мы павінны ганарыцца такімі ўнікальнымі знаходкамі на нашай зямлі, але вельмі акуратна іх падаваць публіцы, — падкрэсліла яна. — Ніякіх ініцыялаў, пячатак, знакаў на шлеме няма, каб мы маглі з кімсьці іх злучыць. Акрамя таго, тут трэба адпрацаваць геаграфічнае пытанне: дзе быў знойдзены шлем, каму ў той час маглі належаць гэтыя тэрыторыі, ці магла там быць нейкая важная ваенная падзея, якая прыцягнула на месца прадстаўніка знаці”.

Ад сенсацыі да ўстанаўлення гістарычнага факта пралягае доўгі шлях, адзначыла Ляўко. „Археалогія — гэта вельмі сур’ёзная і карпатлівая навука, дзе, каб не прамахнуцца, трэба доўга і скрупулёзна даследаваць ўсе знаходкі”, — адзначыла археолаг.

Ляўко прывяла ў прыклад выпадак з адным драўляным артэфактам, які ў рацэ Дрысе ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці ў жніўні 2011 года знайшлі дайверы. „Гэта быў драўляны ідал нібыта Х стагоддзя. З гэтым ідалам нам марочылі галаву год: што мы з ім робім, у якіх умовах яго трымаем, ці не загубілі яго. Цэлы год з ім праваждаліся навукоўцы, каб, дачакаўшыся вынікаў дэндрааналізаў, высветліць — гэтая знаходка ніякая не сенсацыя. Экспертызы, праведзеныя ў Беларусі, ва Украіне, у Польшчы, Германіі, паказалі, што гэты корч 1990 года нараджэння. Нейкі майстар яго стварыў, нешта не спадабалася, выкінуў, ён трапіў у раку, дзе яго вылавілі дайверы і аб’явілі сенсацыйнай знаходкай”, — расказала археолаг.

БелаПАН

Фота: Mikalai Silkou Social.Media