Прэзідэнт Літвы: Урад Латвіі прыняў рашэнне закупляць электраэнергію з БелАЭС



Урад Латвіі прыняў рашэнне закупляць электраэнергію, якая будзе вырабляцца на Беларускай АЭС. Пра гэта журналістам вечарам 14 жніўня ў Берліне паведаміў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, перадае балтыйскае інфармагенцтва BNS.

Ён са шкадаваннем адзначыў, што латвійскі ўрад прыняў гэтае рашэнне, не дачакаўшыся заканчэння кансультацый з Міністэрствам энергетыкі Літвы. „Рашэнне Латвіі — палітычнае рашэнне. Наколькі я ведаю, з Міністэрствам энергетыкі Літвы былі праведзеныя кансультацыі, але рашэнне было прынятае да заканчэння кансультацый, пра што варта шкадаваць”, — заявіў ён.

Як паведамляе BNS, пра свой намер закупляць электраэнергію непасрэдна ў Беларусі пасля таго, як Літва пачне блакаваць імпарт электрычнасці з-за запуску БелаАЭС і спыніць гандаль гэтым рэсурсам цераз сваю мяжу, урад Латвіі абвясціў 14 жніўня.

Зараз электрычнасць з Беларусі трапляе на тэрыторыю Еўразвяза толькі цераз тэрыторыю Літвы.

За студзень-травень 2019 года Беларусь экспартавала ў суседнія дзяржавы 755 млн 299 тыс. кілават-гадзін электрычнай энергіі і атрымала за пастаўкі 39 млн 63,7 тыс. даляраў. Даражэй за ўсё Беларусь прадавала электраэнергію Латвіі: у красавіку было пастаўлена 502 тыс. кВт·гадз на 36,6 тыс. даляраў (амаль па 7,3 цэнта за кілават-гадзіну), у траўні — 4 млн кВт·гадз за 298,5 тыс. даляраў (7,46 цэнта за кілават-гадзіну).

На прэс-канферэнцыі 28 траўня на Беларускай АЭС у Астраўцы (Гарадзенская вобласць) намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што Беларусь мае патэнцыял для экспарту ў год больш за 2 млрд кілават-гадзін электраэнергіі, згенераванай на ўласных магутнасцях.

Беларуская АЭС узводзіцца блізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекта ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Ядзернае паліва для атамнай станцыі плануецца даставіць да 1 кастрычніка. Фізічны пуск першага энергаблока БелАЭС, на этапе якога ў рэактар загрузяць паліва, павінен адбыцца восенню. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

Самым актыўным крытыкам БелАЭС з`яўляецца Літва. У Вільні перакананыя, што яе будаўніцтва вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе. 15 чэрвеня 2017 года літоўскі сейм прыняў закон аб прызнанні АЭС, якая будуецца ў Беларусі, небяспечнай: яна ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і грамадскага здароўя. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расеі. Літва таксама заклікала суседзяў з ЕЗ (Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю) не купляць электраэнергію з атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расеі.

belapan.by