У Гомелі непаўнагадовага прыгаварылі да абмежавання волі



15 жніўня суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес рашэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да 17-гадовага выпускніка адной з гомельскіх школ. Гэтым летам ён стаў студэнтам.

Маладога чалавека судзілі за незаконныя дзеянні са зброяй і боепрыпасамі (частка 2 артыкула 295 КК). Школьнік 14 снежня 2018 года быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП — пры надглядзе на ўваходзе на дзіцячы хакейны турнір „Залатая шайба” ў яго знайшлі два нажы і паходную сякерку. Пры вобшуку па месцы жыхарства міліцыя выявіла 24 патроны, тры з якіх былі прыдатныя да стральбы, і порах.

Суд вырашыў пакараць падлетка абмежаваннем волі тэрмінам на два з паловай гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У сувязі з амністыяй абвінавачанага часткова вызвалілі ад адбывання пакарання на два гады.

Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівала ў судзе супрацоўнік пракуратуры Алеся Жураўлёва. У каментары БелаПАН яна ўдакладніла, што інцыдэнт з нажом і сякерай не залічваецца падлетку, толькі захоўванне патронаў. Непаўнагадовы сваю віну на судзе не прызнаваў і растлумачыў, што патроны перавёз пасля смерці дзядулі з іншага горада. Дзядуля тлумачыў яму, што патроны не баявыя. Захоўваў патроны як сувенір ў памяць пра дзеда.

БелаПАН