Беларускім партыям могуць дазволіць фінансаванне з дзяржбюджэту



З закона „Аб палітычных партыях” могуць выключыць забарону іх фінансавання з дзяржаўнага бюджэту. Пра гэта паведаміла ў прэс-цэнтры Sputnik начальнік упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Алена Кірычэнка.

 

„Мы падумаем, магчыма, гэтая частка закона сыдзе. Я вырашыла прасачыць гісторыю, адкуль з’явілася гэтая норма ў законе. У самым першым законе 1994 года аб палітычных партыях яна ўжо была. Што хацеў сказаць заканадавец тады, нам складана сказаць. Мы мяркуем, каб не было фінансавання адзінай партыі, якая калісьці была адна ў краіне, тады вырашылі гэтую норму ўключыць. Час ідзе, можа, і выбарчае заканадаўства будзе мяняцца, можа, пяройдзем на іншую сістэму, змешаную або прапарцыйную. Сапраўды, гэтая норма не нясе прававой нагрузкі”, — сказала яна, каментуючы заяву намесніка старшыні партыі „Зялёныя” Дзмітрыя Кучука.

Кучук адзначыў, што захаванне гэтага артыкула можа перакрэсліць усе новаўвядзенні законапраекта „Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў”.

„Тут узнікае калізія, мы разумеем, партыі атрымліваюць грошы за кошт ахвяраванняў, і зразумела, што з бюджэту немагчыма пералічваць грошы, ніхто не зробіць ахвяраванне. Гэты пункт перакрэслівае закон у плане яго навізны. Калі гэтага пункта не будзе, то закон будзе адпавядаць усім міжнародным стандартам”, — сказаў ён.

У артыкуле 24 закона „Аб палітычных партыях” указана, што „фінансаванне палітычных партый, саюзаў за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў не дапускаецца”.

Законапраект „Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” быў вынесены на грамадскае абмеркаванне 12 ліпеня на прававым форуме Беларусі. Сярод асноўных прапаноў — змяншэнне колькасці заснавальнікаў для рэгістрацыі палітычнай партыі з 1 тысячы да 800, рэспубліканскага грамадскага аб’яднання з 50 да 40. Спрашчаецца рэгістрацыя мясцовых грамадскіх аб’яднанняў, а магчымасць іх дзейнасці распаўсюдзіцца на ўсю тэрыторыю Беларусі. З’яўляецца магчымасць падтрымкі дзяржавай партый і грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку ў форме дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

БелаПАН