Невядомыя ўчынілі пагром на могілках XVIII стагоддзя ў Лідзе (абноўлена)



Могілкі XVIII ст. у Лідзе зведалі другі налёт вандалаў за тры дні. Ужо разбурана больш за паўсотні помнікаў

Прыходзяць кепскія навіны з Ліды. Невядомыя вандалы ўжо другі раз за тры дні здзейснілі акт вандалізму на старых лідскіх могілках. Сёння валанцёры зафіксавалі яшчэ некалькі дзясяткаў разбураных помнікаў. Налёт злачынцаў адбыўся зноў з паўднёвай іх часткі. У выніку колькасць паламаных помнікаў пераваліла ўжо за паўсотні. Серыя гэтых актаў вандалізму выклікае абурэнне сярод лідзян. Асабліва ў звязку з прыняццем Ліды ў бязвізавую зону, калі могілкі XVIII ст. разам з помнікам Гедыміну і замкам могуць стаць турыстычнай разынкай горада. 

– Зараз, калі Ліда адкрылася для свету, калі ў нас стала бязвізавая зона, і лідскія могілкі стануць адным з галоўных турыстычных аб’ектаў горада, і вось, практычна адначасова, банда варвараў, там не адзін чалавек быў, пачала ламаць гэтыя могілкі. Тыя помнікі, якія перажылі бальшавікоў, паламаныя зараз. Частка з іх знішчаная назаўсёды, немагчыма іх аднавіць Каласальныя страты нанесеныя. Для мяне, як лідзяніна, чалавека, які тут нарадзіўся, гэта проста шок, сэрца баліць. Наша міліцыя пачала следства, спадзяюся, што хопіць кваліфікацыі, каб знайсці гэтых людзей.

Лідскія могілкі былі закладзеныя ў канцы XVIII ст. Закрытыя ў 1963 годзе. Тут, на тэрыторыі больш чым 4 гектары, месціцца каля 10 000 пахаванняў, у тым ліку вельмі важных у гісторыі краю. І толькі на невялікай колькасці з іх захаваліся помнікі. Па словах пісьменніка, яны могуць стаць для Ліды такой жа кропкай прыцягнення замежных турыстаў, як могілкі Росы ў Вільні, Лычакаўскія ў Львове і старыя могілкі ў Гародні. Таму варта неадкладна спыніць тое, што тут адбываецца і працягнуць іх аднаўленне.

***

Каля трох дзясяткаў помнікаў разбурана на старых могілках у Лідзе. Невядомыя асобы ўночы валілі помнікі, ламалі надмагіллі і павырвалі крыжы ў адным з сектараў старых лідскіх могілак, якія ў горадзе называюцца “каталіцкімі”.

Першымі наступствы пагрому выявілі валанцёры, якія ўжо не першы год займаюцца аднаўленнем і ўпарадкаваннем могілак. Яны ж і выклікалі на месца злачынства супрацоўнікаў міліцыі. Гаворыць кіраўнік “Таварыства польскай культуры на Лідчыне” Аляксандр Колышка:

– Цяжка зразумець гэтых людзей, якія прыйшлі і зрабілі гэта. Ці гэта неразумны чын ці нехта спецыяльна прыйшоў ваяваць з могілкамі? Здаецца часы, калі ваявалі з крыжамі, мінулі, а нашчадкі засталіся. Як зразумець гэтых людзей? Як іх выхоўваць?  Бурылі ў часы СССР. Як бы тады гэта было зразумела, калі прыязджалі камсамольцы і валілі крыжы. А тут…

Старыя могілкі ў Лідзе вядомыя з 18 ст. Тут пахаваныя вельмі знакавыя асобы як для гісторыі Лідчыны, так і для рэгіёна ўцэлым. За часамі камуністычнай улады яны неаднаразова падвяргаліся разбурэнню. Але ў часы незалежнасці Беларусі – упершыню.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда