Зміцер Казакевіч: Герб Расейскай імперыі ў Відзах – гэта недарэчнасць



Віцебскі журналіст Зміцер Казакевіч склаў петыцыю ў Браслаўскі райвыканкам і Міністэрства культуры, каб  дэмантаваць помнік-камень з гербам Расейскай імпэрыі, усталяваны сёлета ў цэнтры мястэчка Відзы Браслаўскага раёну. Устаноўку каменя-помніка ў гонар заснавання ў 1803 годзе Відзаўскага павятовага вучылішча ініцыявала кіраўніцтва мясцовага прафесійна-тэхнічнага каледжу.

Зміцер Казакевіч ездзіў у Відзы да сваякоў, і быў уражаны  ўбачаным:

– Пайшлі ў цэнтр у краму, і я заўважыў гэты камень. Стаіць у такім скверыку за інтэрнатам каледжу. Я спачатку заўважыў птушку і задумаўся: а да чаго тут польскі герб? Потым прыгледзеўся – не, з гербам Расейскай імперыі.

Апрача шыльды з дзвюхгаловым арлом, на камені выбіты надпіс: “1 верасня 1803 году па ўказе цара Аляксандра І было адкрыта Відзаўскае гарадское павятовае вучылішча ў горадзе Відзы Ковенскай губэрні Віленскай адукацыйнай акругі”. Але расейскі імператар ніколі не аддаваў такога загаду – была ўсяго толькі агульная пастанова наконт стварэння павятовых вучэльняў у мястэчках Расейскай імперыі.

Больш за тое: ёсць дакументы, што вучэльню ў Відзах збудавалі і адчынілі манахі-канонікі рэгулярныя. Ёсць і іншыя гістарычныя недакладнасці, а да ўсяго – помнік усталявалі без дазволу Міністэрства культуры. Таму стваральнік петыцыі прапануе яго дэмантаваць:

– Камень мусіць быць дэмантаваны. Могуць быць і больш лагодныя варыянты: адрэдагаваць тэкст. І абавязкова зняць гэтую шыльду з гербам Расейскай імперыі.

Паводле жыхароў Відзаў, яны ўжо не першы год назіраюць спробы звязаць заснаванне вучэльні з гісторыяй Расейскай імперыі. Так, пару гадоў таму ў мястэчку з’явілася кавярня  з назвай па-расейску “Традиция 1803”. Харчовая кропка належыць таму самаму каледжу, заснаванаму ў 1803-ім годзе нібыта па загадзе імператара Аляксандра Першага. Асобная студэнцкая сталоўка  таксама аформлена  ў падобнай канцэпцыі: на сценах з аднаго боку – краявіды Відзаў, з другога – гістарычныя выявы Санкт-Пецярбургу.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя