Участковы міліцыянер з табельнай зброі застрэліў лісу
16 жніўня каля 11 гадзін у Слуцкі РАУС звярнулася гараджанка. Яна паведаміла, што ў двары дома маці, што жыве ў вёсцы Шышчыцы, знаходзіцца ліса, меркавана – хворая на шаленства.
Як паведамілі ў УУС Мінаблвыканкама, жанчына зайшла ў хлеў, каб узяць сельскагаспадарчы інструмент і ўбачыла жывёлу. Ліса кінулася на яе, маці заяўніцы выбегла на двор і схавалася ў хаце. Праз акно случчанка назірала, як ліса кідаецца з боку ў бок, шыпіць, скуголіць.
Інфармацыя пра здарэнне была перадзена ўчастковаму. Той знаходзіўся на адміністрацыйным участку ў 15 хвілінах язды ад вёскі. Супрацоўнік міліцыі адразу ж звязаўся з мясцовымі паляўнічымі і папрасіў іх паназіраць за жывёлай, каб яна не ўцякла, а заадно не падпускаць да двара, дзе знаходзіцца ліса, нікога старонняга.
У 11.15 міліцыянер прыбыў на месца, на падыходзе да двара заўважыў жывёлу. Ліса таксама заўважыла чалавека і, ашчэрыўшыся і заскуголіўшы, стала паводзіць сябе агрэсіўна і кідацца ў бок супрацоўніка міліцыі.
Пераканаўшыся, што паблізу няма людзей, участковы інспектар выкарыстаў табельную зброю – адным стрэлам абясшкодзіў жывёлу.
Цяпер на месцы чакаюцца прадстаўнікі ветэрынарнай службы, якія павінны забраць жывёлу для правядзення адпаведнай экспертызы. Паводле папярэдняй інфармацыі, ліса не паспела нікому прычыніць шкоды.