У „Беларуснафты” з-за нізкаякаснай расейскай сыравіны фінансавыя праблемы



Вытворчаму аб’яднанню „Беларуснафта” давялося шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання ў сувязі з паступленнем забруджанай нафты. Пра гэта было заяўлена на савеце прадпрыемства, на якім падводзіліся вынікі першага паўгоддзя 2019 года. Вытрымкі з матэрыялаў пасяджэння савета апублікаваныя ў апошнім нумары газеты „Нефтяник”, якую выдае „Беларуснафта”.

 

Намеснік генеральнага дырэктара па забеспячэнні вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі „Беларуснафты” Аляксандр Каморнікаў падчас пасяджэння паведаміў, што на працу вытворчага аб’яднання ў першым паўгоддзі „істотна паўплывала выяўленае ў красавіку павышэнне ўзроўню ўтрымання хларыдаў у нафце, што паступала з Расеі”.

„З прычыны гэтага транзіт расейскай нафты нашай краінай быў абмежаваны, а Рэспублікай Польшча спынены. Транспарціроўка нафты па забруджаным участку адсутнічала на працягу красавіка—чэрвеня 2019 года. Гэта запатрабавала ад „Беларуснафты” вырашэння пытанняў з контрагентамі і пошуку дадатковых крыніц фінансавання”, — адзначыў Каморнікаў.

Нагадаем, у красавіку было выяўленае павышанае ўтрыманне дыхлорэтану ў расійскай нафце, якая паступіла ў Беларусь. Каб пазбегнуць аварыі, нафтаперапрацоўчыя заводы знізілі вытворчасць нафтапрадуктаў і іх экспарт.

У другім квартале з-за прысутнасці „бруднай” нафты ў трубаправодзе Расея недапаставіла ў Беларусь 630 тыс. тон якаснай нафты, што таксама прывяло да скарачэння аб’ёму вытворчасці нафтапрадуктаў.

Віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка ў канцы чэрвеня заявіў журналістам, што калі не атрымаецца дамовіцца з Расеяй аб кампенсацыі шкоды ў сувязі з трапляннем у трубаправод няякаснай нафты, пытанне будзе вырашацца праз суд.

„Што тычыцца ўпушчанай выгады, тут, мабыць, відавочна, што гэтае пытанне ў выпадку недасягнення дамоўленасцяў будзе вырашацца з сумежным расейскім бокам праз суд”, — патлумачыў журналістам Ляшэнка.

БелаПАН