Адбудзецца чарговая акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода
Чарговая акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода адбудзецца ўжо заўтра, 18 жніўня, у Берасці. Актывісты выйдуць пакарміць галубоў і пройдуцца да кінатэатра «Беларусь». Яны абмяркуюць экалагічную сітуацыю ў горадзе і апошнія навіны вакол запуска шкоднага аб’екта.
Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін адзначыў, што пакуль немагчыма прадказаць, у які менавіта момант колькасць пратэстоўцаў можа значна вырасці:
– Выходзіць людзей столькі, колькі выходзіць. Але які чыннік можа запусціць механізм, каб паболела гэтая колькасць людзей, цяжка сказаць. Яшчэ нядаўна ніхто не ведаў, ці ўвогуле людзі выйдуць на вуліцы. Але апынулася так, што на акцыі супраць таго ж завода АКБ выходзіла да паўтысячы. Чыннік быў самы нечаканы.
Паводле Уладзіміра Вялічкіна, выхад большай колькасці людзей могуць справакаваць затрыманні або інфармацыя аб афіцыйным запуску завода.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце