Свята мовы і паэзіі ў Зачэпічах
Трэцяе абласное свята мовы і паэзіі вітала аматараў беларускага слова на Дзятлаўскай зямлі. У вёсцы Зачэпічы некалькі дзясяткаў гасцей з Гарадзенскіх рэгіёнаў, а таксама мясцовыя жыхары адзначылі памяць трох заходнебеларускіх паэтаў.
Яны паходзілі з гэтай мясцовасці: Пятруся Граніта, Васіля Струменя ды Герасіма Праменя. Кажа адзін з ініцыятараў традыцыйнага свята, старшыня дзятлаўскай раённай суполкі Таварыства Беларускай мовы Валеры Петрыкевіч:
– У гэтым годзе на мерапрыемства з’ехаліся людзі з Гарадзеншчыны. Не было прадстаўнікоў Менска, але тым не менш прайшло свята вельмі цудоўна. Было шмат людзей, па маіх падліках, – чалавек 80, а мо і 90. Амаль усе жыхары вёскі Зачэпічы і Каршакоў: старыя, малыя, нямоглыя, усе прыйшлі. У гэтым годзе да нас далучыліся супрацоўнікі бібліятэкі, і яны былі вядоўцамі. Гэта вельмі цудоўна, калі мы супрацоўнічаем разам.
Паэзія, якая прагучала на імпрэзе пад памятным камянём, была пераважна пад акампанемент гітары. Гучалі гітары музыкаў Алеся Закрэўскага, Міхася Зізюка, Святланы Абдулаевай, Уладзіміра Хільмановіча і Сяргея Чарняка. Апошні выканаў песню пра Зачэпічы на словы беларускага літаратара Сяргея Чыгрына. Кажа Сяргей Чыгрын:
– Я не такі ўжо і вялікі паэт, я больш займаюся літаратуразнаўствам, гісторыяй, краязнаўствам. Але тым не менш час ад часу бывае, што натхненне нахлыне і нешта напішацца такое, што дарагое сэрцу. Таму што вёску Зачэпічы я ведаю яшчэ са школы, цікаўлюся гэтым. І Калеснік назваў, і тут называлі вёску «гняздом паэтаў», дзе нарадзіліся тры заходнебеларускіх паэты. І вось пра гэтую вёску і гэтых паэтаў напісалася некалькі вершаў.
На свяце мовы і паэзіі выступалі таксама са сваімі вершамі перад прысутнымі Раіса Лакіза, Станіслаў Суднік, Сяргей Чыгрын, Ала Петрушкевіч, Мячыслаў Курыловіч. Прывітаў удзельнікаў свята старшыня абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка і прадстаўнікі мясцовых уладаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя