Мастаку Алесю Ксяндзову – 65 год



18 жніўня адзначае 65-годдзе вядомы мастак, прафесар жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў Алесь Ксяндзоў.

Некалькі год таму ён выйшаў на пенсію, пабудаваў летні дом на Мядзельшчыне, дзе актыўна працягвае займацца жывапісам. „Цяпер я па-сапраўднаму вольны мастак,” – жартуе юбіляр.

– Я цяпер, выйшаўшы на пенсію, не выкладаю. Цяпер вольна хаджу на розныя імпрэзы, быў на святкаванні 100-годдзя БНР. Пабудаваўшы дом на Мядзельшчыне, я вольна магу там працаваць. Магу там, магу і ў менскай майстэрні. Магу ладзіць выставы. Ездзіць. Карацей, планаў яшчэ многа. І хачу яшчэ многа зрабіць, адкрыць нейкія новыя плыні ў сябе. І здзівіць і маладых, і самога сябе. Галоўнае – здзівіць сябе.

На сваім жыццёвым шляху Алесь Ксяндзоў годна вытрымаў шмат выпрабаванняў, у тым ліку перамог сур’ёзную хваробу. Па-ранейшаму яго вабіць творчасць і жывапіс. Кожная яго выстава здзіўляе сваёй нечаканасцю і майстэрствам.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Яўгена Колчава