Уладзімір Кобец: Да паляпшэння сітуацыі ў Беларусі яшчэ далёка



„Нельга гаварыць пра нейкае паляпшэнне сітуацыі ў Беларусі, і вызваленне Алеся Бяляцкага – таксама не сведчыць пра гэтае паляпшэнне. Варта помніць пра тое, што за кратамі застаюцца іншыя палітычныя вязні, тыя людзі, за якіх і змагаўся Алесь Бяляцкі і ў выніку быў арыштаваны“, – адзначае каардынатар „Еўрапейскай Беларусі“ Уладзімір Кобец:

– У гэтым годзе спаўняецца 15 год са дня забойства Ганчара і Красоўскага. І ёсць небяспека, што гэтыя справы ўлада будзе закрываць. Я думаю, што зараз гэта адна з задач – не дапусціць гэтага. Трэба давесці гэтую справу да суда. І наступнае, у чым я ўпэўнены, чым будзе займацца Алесь Бяляцкі – гэта пытанне вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Наступным пытаннем стане рэабілітацыя. І толькі пасля рэабілітацыі, пасля свабодных выбараў і разняволенні СМІ ў Беларусі можна будзе казаць пра нейкія змены.

Уладзімір Кобец лічыць, што значную ролю ў вызваленні Алеся Бяляцкага адыгралі праваабарончыя арганізацыі. Аднак пры гэтым кажа пра недастатковую рэакцыю з боку міжнароднай супольнасці. „Палітвязні выходзілі на свабоду толькі пад моцным ціскам, напрыклад, Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка выйшлі на волю пасля жорсткіх захадаў з боку Еўразвязу“, – дадаў наш суразмоўца.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя