Чарговы прысуд журналісту-фрылансеру
Аліна Літвінчук аштрафаваная на 30 базавых велічынь. Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна Берасця. Аліну абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі. Размова ідзе пра матэрыял пра дзейнасць Берасцейскага абласнога аддзялення арганізацыі “Хрысціянская супольнасць дарослых і моладзі”, змешчаны на сайце нашага Беларускага Радыё Рацыя.
Суддзя – Святаслаў Каліна, а ў якасці сведкі выступаў прадстаўнік названай арганізацыі Аляксандр Драчук, расказвае журналістка Аліна Літвінчук:
– Гэты сведка з’яўляецца прадстаўніком дэмакратычнай супольнасці, ён прадстаўляе міжнародную арганізацыю “Хрысціянская супольнасць дарослых і моладзі”, якая дэкларуе еўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасці. Спачатку, калі толькі заводзілася гэтая справа, ён выступаў заяўнікам. Але з часам, паколькі справа зацягнулася, яго перакваліфікавалі ў сведку.
Сведка ў судзе сказаў, што не памятае, якім чынам Аліна Літвінчук магла запісаць інфармацыю. Сама Аліна адмовілася ад дачы паказанняў. Яна расказала, што суд нават не выходзіў для абмеркавання і прыняцця рашэння, паколькі меў ужо загадзя падрыхтаваную пастанову:
– Было бачна, што суду не важныя мае адказы, яго не цікавіла пазіцыя сведкі, бо гэта ніякім чынам не паўплывала на рашэнне, якое суд падрыхтаваў. Гэтае рашэнне палітычна матываванае, паколькі Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім грамадзянам права на збор і распаўсюд інфармацыі.
Аліна Літвінчук плануе абскарджваць прысуд і гатовая прайсці ўсе судовыя інстанцыі, а нават звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя