У Воршы патрабуюць вярнуць белмову ў грамадскі транспарт



Адпаведная петыцыя выкладзена на сайце “Зручны горад”.

Яе складальнік, жыхар Воршы, журналіст Арцём Сізінцаў, перакананы: назвы прыпынкаў трэба агучваць не па-расейску, а па-беларуску, і надпісы на прыпынках таксама павінны быць беларускамоўнымі:

– Ужо шмат гадоў апошніх кожны прыпынак падпісаны не па-беларуску, і няма беларускай мовы ў абвестках. Трэба змагацца за наша права, беларускамоўныя людзі – гэта такія самыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і мы маем права чуць абвесткі на нашай мове, на беларускай мове.

Змаганне за беларускую мову ў аршанскім транспарце вядзецца ўжо 4 гады. Прыхільнікі беларушчыны звярталіся ў аршанскі аўтапарк №3, дзе атрымалі прынцыповую згоду. Але іх накіравалі да раённага кіраўніцтва, каб там пацвердзілі рашэнне. Прадстаўнікі райвыканкаму, у сваю чаргу, параілі звярнуцца – у Віцебскі аблаўтатранс.

На ўзроўні вобласці пытанне аказалася невырашальным: кіраўніцтва транспартнай арганізацыі і прадстаўнікі аблвыканкаму апелююць да Закону аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Маўляў, у краіне дзве дзяржаўныя мовы, і мы вырашылі, што абвесткі маюць быць па-расейску. Спасылаюцца таксама на пісьмовыя скаргі прыхільнікаў расейскай мовы, якія нібыта заўважылі памылкі ў папярэдняй, беларускамоўнай “агучцы”. Хаця такіх лістоў не паказалі ні ў райвыканкаме, ні ў аўтапарку.

Наадварот: аршанцы выказваюцца “за” беларускую мову:

– Павінна абвяшчацца па-беларуску! Паступова мы так і пачнем зносіцца на беларускай мове.

– Можна! Бо ў нас як: беларуская мова засталася толькі ў школе?

– Няхай будзе, канешне. Вось калі былі “Дажынкі” ў Воршы, то беларуская мова яшчэ гучала. І было так на сэрцы радасна! Заходзіш – і чуеш родную мову. Яна неяк мілейшая за гэтую расейскую.

Тыя, хто выступае за вяртанне беларускай мовы ў грамадскі транспарт Воршы, прапануюць за ўласныя сродкі перакласці і агучыць назвы прыпынкаў, а калі трэба – то і сабраць грошы на новыя, беларускамоўныя шыльды .

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя