У Менгарсудзе пачаўся самы буйны працэс па „справе медыкаў”
У Менскім гарадскім судзе 19 жніўня пачаўся самы буйны працэс па так званай „справе медыкаў”. На лаве падсудных 21 чалавек, з іх восем — былыя чыноўнікі сістэмы аховы здароўя. Яны абвінавачваюцца па розных частках артыкула 430 КК (атрыманне хабару). Старшынствуе на працэсе суддзя Ігар Любавіцкі. Абвінавачанне прадстаўляюць пракуроры Вадзім Лалуа і Аляксандр Андрэеў.
Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце Вярхоўнага суда, былы дырэктар Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Сталяроў абвінавачваецца па ч. 1, 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару, атрыманне паўторна, атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры альбо асобай, якая займае адказную пасаду). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Экс-намесніку Сталярова Сяргею Зінчанку і былому начальніку аддзела рэгістрацыі медтэхнікі і вырабаў медпрызначэння названага цэнтра Сяргею Лешчылоўскаму выстаўленае абвінавачанне па ч. 1 і 2 арт. 430.
У мінулым гендырэктар прадпрыемства „Белфармацыя” Вячаслаў Гніцій абвінавачваецца па ч. 2 і 3 арт. 430, былы гендырэктар Гомельскага УП „Фармацыя” Наталля Судакова — па ч. 2 гэтага артыкула.
Экс-начальніка інфармацыйна-даведачнага аддзела Гродзенскага РУП „Фармацыя” Андрэя Шчуку, які з 2012 па 2017 год узначальваў гэта прадпрыемства, абвінавачваюць па ч. 1 арт. 430 КК, а гендырэктара Віцебскага РУП „Фармацыя” Кацярыну Шнітко — па ч. 3 арт. 430.
Па ч. 2 арт. 430 і ч. 1 арт. 431 КК (дача хабару) абвінавачваецца былы дырэктар дзяржпрадпрыемства „Акадэмфарм” Міхаіл Гаўрылаў.
Яшчэ адзінаццаці фігурантам справы выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 431 КК (дача хабару паўторна або ў буйным памеры), ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. У іх ліку — заснавальнік сеткі аптэк „Іскамед” Сяргей Шакуцін.
Абвінавачанне па ч. 1 арт. 431 КК выстаўлена і двум прадстаўнікам бізнесу — былому кіраўніку прадстаўніцтва канцэрна Fresenius у Беларусі Генадзю Сабалеўскаму і заснавальніку кампаніі „Геолаг-М” Уладзіміру Ладуцьку.
Апошні фігураваў у якасці хабарадавальніка адразу на некалькіх працэсах па „справе медыкаў”, якія праходзілі ў гэтым годзе. Па абвінавачанні ў атрыманні ад Ладуцькі хабару ў памеры 2 тыс. долараў асуджаны на два з паловай гады абмежавання волі былы галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргей Карыцька.
Ладуцька таксама праходзіў у якасці сведкі па справе асуджанага на пяць гадоў пазбаўлення волі былога галоўнага ўрача 12-й стаматалагічнай паліклінікі Мінска Уладзіміра Краўчонка. Яму, сярод іншых эпізодаў, паставілі ў віну хабары ад Ладуцькі на агульную суму больш за 25 тыс. долараў.
Ладуцька даваў паказанні і на судзе супраць былога начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэя Стрыжака, які асуджаны на сем з паловай гадоў пазбаўлення волі. Згодна з абвінавачаннем Стрыжак атрымаў ад Ладуцькі хабары на суму 20 тыс. долараў.
Генадзь Сабалеўскі таксама фігураваў як сведка ў судзе над Стрыжаком. Згодна з абвінавачаннем на працягу некалькіх гадоў ён перадаў Стрыжаку ў якасці хабараў 1 тыс. долараў ЗША.
Аб выкрыцці маштабнай карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя КДБ паведаміў у канцы чэрвеня 2018 года. Тады ж па ўсёй Беларусі прайшлі затрыманні чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя, у тым ліку высокапастаўленых, а таксама галоўных урачоў і загадчыкаў аддзяленняў бальніц.
11 верасня на нарадзе па праблемах у сістэме аховы здароўя Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што па справе аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя „амаль 100 чалавек трапілі пад следства, фігуруюць дзясяткі мільёнаў долараў злачынных сродкаў”.
11 чэрвеня гэтага года, прызначаючы Уладзіміра Караніка на пасаду міністра аховы здароўя, Лукашэнка запатрабаваў навесці парадак у сістэме аховы здароўя і не дапускаць карупцыйных праяў. „Гэта ж ганьба, калі знізу даверху павязаныя хабарамі кіраўнікі ўстаноў і арганізацый! Прытым добрыя кіраўнікі, якія сябе добра як спецыялісты зарэкамендавалі”, — сказаў Лукашэнка.
„Да гэтага часу да мяне ходзяць, просяць: унікальны чалавек, адпусціце, ён будзе там дняваць і начаваць, ва ўстанове аховы здароўя. Хабары, якія ўзяў, вярнуў у падвойным памеры — трэба дараваць. Сяджу і думаю: а як дараваць? Бо папярэджваў жа ўсіх, што карупцыя — гэта не пра Беларусь. Даравання не будзе нікому. Крыху прыбурэлі, як у народзе кажуць, знахабіліся, таму ўсіх трэба прывесці ў пачуццё. І вы гэта можаце зрабіць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.