У вандалізме на лідскіх могілках падазраюць брата і сястру 10 і 7 гадоў



Следчыя падазраюць у пашкоджанні надмагілляў на старых могілках Ліды 10-гадовага хлопчыка і яго 7-гадовую сястру.

Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гарадзенскага аблвыканкама Максім Базыленка, дзеці жывуць непадалёк ад могілак. Згодна са звесткамі следства, брат і сястра каталіся на веласіпедзе, знайшлі малаток, зайшлі на могілкі і вырашылі праверыць магільныя пліты на трываласць. Дзеці прыязджалі на могілкі некалькі разоў. Іх выявілі „падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў”.

Сям’я, у якой выхоўваюцца дзеці, характарызуецца як станоўчая, поўная. Бацькі алкаголем не злоўжываюць. У сям’і двое дзяцей, абодва ходзяць у школу, вучацца добра.

Крымінальная справа па факце пашкоджання надмагілляў была распачатая за хуліганства на падставе ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса. Прыцягнуць да адказнасці паводле гэтага артыкула можна толькі пасля 14 гадоў, таму нават калі віна падазраваных будзе даказаная, пакараць іх нельга. Да адказнасці можна прыцягнуць толькі іх бацькоў, калі ўдасца даказаць, што яны не займаліся выхаваннем дзяцей (арт. 9.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Паводле слоў Базыленкі, каб высветліць віну бацькоў, следчыя апытаюць настаўнікаў, даведаюцца, як характарызуюцца ў школе падазраваныя, ці знаходзілася сям’я на якім-небудзь уліку.

Калі віна брата і сястры пацвердзіцца, бацькі павінны будуць пакрыць прычыненую шкоду. Пытанне выхавання тут не ўлічваецца.

Як паведаміў БелаПАН начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Лідскага райвыканкама Іван Пыш, дзяцей на могілках заўважыў мясцовы жыхар, ён забраў у іх малаток, а пазней перадаў міліцыі іх прыкметы — як былі апранутыя, на якіх веласіпедах прыязджалі. „Малаток як кувалдачка — не проста малаточак, а ўзмоцнены. Дзіцяці 10 гадоў. Кажа: мне было цікава — упадзе, не ўпадзе, упала, мне спадабалася”, — сказаў Пыш.

Каталіцкім могілкам у Лідзе больш за 220 гадоў. Яны, як і славутыя вільнюскія Росу або львоўскія Лычакоўскія, датуюцца канцом XVIII стагоддзя.

Аб пашкоджанні надмагілляў СМІ стала вядома напярэдадні выхадных ад мясцовага краязнаўцы Леаніда Лаўраша. Паводле яго слоў, пашкоджаныя прыблізна 60 помнікаў. Згодна са звесткамі Лаўраша, вандалы прыходзілі на могілкі ў ноч на 14 і 16 жніўня. „Адны помнікі проста паваленыя, іншыя паламаныя, ёсць тыя, якія ўжо не адрэстаўруюць”, — расказаў журналістам краязнаўца.

belapan.by