Прагназуецца рост беларускага ВУП у 2019 годзе



Беларуская эканоміка ў 2019 годзе можа вырасці на 1-1,5%. Такая ацэнка ўтрымліваецца ў новым інфармацыйна-аналітычным аглядзе, які падрыхтаваў Еўразійскі банк развіцця.

Згодна з прагнозам, на эканамічную дынаміку будуць уплываць рознанакіраваныя фактары. „У другой палове 2019 года падтрымку беларускай эканоміцы могуць аказаць сельскагаспадарчая вытворчасць (з-за чаканага больш высокага ўраджаю ў параўнанні з 2018 годам) і пашырэнне ўнутранага попыту ў Расіі на фоне павелічэння бюджэтных расходаў”, — лічаць аўтары агляду.

У той жа час стрымліванне росту эканомікі „прагназуецца з боку рэалізаванага ў першым паўгоддзі ўмацавання беларускага рубля і запаволення спажывецкага попыту”.

„У выніку прырост ВУП у 2019 годзе, паводле нашых ацэнак, складзе 1-1,5%, што адпавядае яго наяўным патэнцыйным тэмпам”, — заяўляюць эканамісты ЕАБР.

Яны таксама адзначаюць, што сёлета пагаршаецца гандлёвы баланс Беларусі. Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі ў студзені—чэрвені 2019 года павялічыўся да 1,5 млрд долараў з 1,3 млрд за аналагічны перыяд мінулага года. Аўтары агляду лічаць, што на дынаміку паставак беларускіх тавараў за мяжу негатыўны ўплыў зрабіла запаволенне росту знешняга попыту і змяншэнне экспарту нафтапрадуктаў.

У студзені—чэрвені Беларусь паставіла на знешнія рынкі 5,25 млн тон нафтапрадуктаў на 2,67 млрд долараў. У грашовым і фізічным выражэнні экспарт знізіўся на 20,5% у параўнанні з першай паловай мінулага года.

Экспарт нафтапрадуктаў у першым паўгоддзі быў самым нізкім за апошнія пяць гадоў. Гэта здарылася з-за паступлення ў Беларусь у другім квартале забруджанай нафты.

Міністр эканомікі Дзмітрый Крутой у ліпені заявіў журналістам, што з-за паступлення бруднай нафты тэмпы эканамічнага росту ў першым паўгоддзі запаволіліся.

Афіцыйны прагноз прадугледжвае рост ВУП сёлета на 4%. Фактычна за студзень—ліпень ВУП павялічыўся на 1,3%.

БелаПАН