PIS уключыўся ў выбарчую кампанію на Падляшшы



Партыя „Права і справядлівасць” афіцыйна распачала выбарчую кампанію на Падляшшы. Спіс кандыдатаў у Сойм ачольвае цяперашні міністр адукацыі Дарыюш Пянткоўскі, на другім месцы віцэ-шэф МУС Яраслаў Зялінскі і цяперашні падляшскі ваявода Богдан Пашкоўскі.

У спісе таксама Яцэк Жалек і Мечыслаў Башко, які да гэтай пары кандыдаваў са спісу Польскай сялянскай партыі, а таксама Адам Андрушкевіч, які трапіў у Сойм са спісу „Кукіз 15”.

Дарыюш Пянткоўскі сказаў, што гэта будзе вельмі інтэнсіўная кампанія: 

– Бела-чырвона дружына, падляшская дружына, гэта дасведчаныя людзі, гэта дружына, якая хацела б служыць палякам, служыць жыхарам Падляшша, якая зможа як найлепш пазмагацца за найлепшае вырашэнне спраў на карысць Польшчы. Наша дружына – гэта 28 кандыдатаў да Сойму і 3 кандыдаты да Сенату.

За сенатарскія мандаты ад Падляшша ад партыі „Права і Справядлівасць” будуць змагацца Корнэль Маравецкі, Марыюш Громка (радны Беластока) і Яцэк Багуцкі (цяпер пасол Сойма). Выбары ў польскі Сойм і Сенат пройдуць 13 кастрычніка.

Лукаш Сцепанюк, Беларускае Радыё Рацыя