Чаму ў абменніках праблема з наяўнай валютай?



Былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што тут не абыйшлося без умяшальніцтва Нацыянальнага банка.

Учора ў сталіцы даляры і еўра было набыць праблематычна. Валюты ў свабодным продажы не знайшлося ў пяці аддзяленнях камерцыйных банкаў. Каб купіць даляры ці еўра, трэба было чакаць пакуль нехта іх здасць. Чаму склалася такая сітуацыя?

Станіслаў Багданкевіч: Я думаю, што ўсё залежыць ад Нацбанка, які, відаць, не прадае наяўнасць камерцыйным банкам, каб яны маглі выставіць яе на продаж. Гэта ўжо называецца адміністраваннем. Іншых меркаванняў з гэтай нагоды ў мяне няма. Усе ж камерцыйныя банкі маюць безнаяўную валюту і могуць папрасіць у Нацбанка атрымаць набходную суму наяўнасці, каб забяспечыць абменныя пункты і навесці парадак. Але ж гэтага не адбываецца, таму ў мяне ўзнікаюць пэўныя сумненні. А можа быць, яшчэ не завезлі валюту з-за мяжы? Бо раней жа прагучала заява, што яе завязуць дадактова.

РР: Адсутнасць наяўнай валюту ў абменніках – ненармальная сітуацыя?

Станіслаў Багданкевіч: Безумоўна. Калі ўжо аб’явілі, што ўсё будзе забяспечана, а валюты няма, то гэта выклікае недавер і да ўлады, і да нацыянальнай валюты. Больш таго – стварае дадатковы непатрэбны ажыятаж. Для таго, каб стабілізаваць валютны курс, неабходна ажыццявіць крокі ў двух накірунках. Першы – аднавіць давер да беларускага рубля з дапамогай зніжэння інфляцыі. Другі – ажыўленне эканомікі, бо яе стагнацыя працягваецца ўжо каторы год. Росту няма. Ураду трэба скрачаць падаткі, працэнтныя стаўкі па крэдытах, каб даць рэсурсы для пад’ёма эканомікі, праводзіць іншыя рэформы.

РР: Ці працягнуцца ў краіне дэвальвацыйныя працэсы?

Станіслаў Багданкевіч: Напэўна, так, але гэта будзе залежыць яшчэ і ад таго, якія меры будуць прымацца і рэалізоўвацца. Пакуль ніякага абвалу няма, але тое, што адбываецца, гаворыць аб тым, што сітуацыя на фінансавым рынку пакуль не стабілізавалася. І галоўнае тут – нават не валютны курс, а ўзровень інфляцыі. Падавяць яе – валютны курс сам па сабе стабілізуецца і будзе больш нізкім. Пытанне інфляцыі – гэта пытанне стабільнасці, бо беларусы атрымоўваюць заробкі ў рублях, а не ў далярах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя