Пераможца атрымае пуцёўку ў фінальны турнір Кубка федэрацыі



Жаночая зборная Беларусі па тэнісе згуляе з камандай Галандыі ў кваліфікацыі Кубка федэрацыі-2020. Матч пройдзе 7-8 лютага 2020 года адным з галандскіх гарадоў. Супрацьстаянне будзе складацца з чатырох адзіночных і адной парнай гульні. Пераможца атрымае пуцёўку ў фінальны турнір Кубка федэрацыі, які пройдзе ў Будапешце ў красавіку. Напрамую ў фінальны турнір патрапілі фіналісты цяперашняга розыгрышу зборныя Аўстраліі і Францыі, гаспадыні з Венгрыі і каманда Чэхіі, якая атрымала „уайлд-кард” ад арганізатараў.

Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве прайграла Англіі на ЧЕ ў Антвэрпэне

Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве прайграла камандзе Англіі на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць у бельгійскім Антвэрпэне. Беларускі тройчы забілі ў брамку брытанак, але не змаглі перамагчы. Матч скончыўся з лікам 4:3 на карысць каманды Англіі. Зараз беларускія хакеісткі правядуць сустрэчы за 5-8 месцы. Раней зборная Беларусі прайграла Германіі (0:13) і Ірландыі (0:11).

Ягор Герасімаў і Ілля Івашка выйшлі ў 2-і раунд кваліфікацыі US Open

Беларускія тэнісісты паспяхова пачалі выступленне ў кваліфікацыі адкрытага чэмпіянату ЗША ў Нью-Ёрку. Ягор Герасімаў (125-ы нумар сусветнага рэйтынгу) на старце перамог прадстаўніка ЗША Стэфана Казлова (545) – 6:4, 6:4. Ілля Івашка (143) таксама ў двух сэтах перайграў нямецкага тэнісіста Матса Мараінга (169) – 6:3, 6:0. Каб трапіць у асноўную сетку US Open, трэба перамагчы ў трох кваліфікацыйных паядынках.

Мікіта Навумаў у трэці раз уключаны ў зборную тура чэмпіянату Казахстана

Прафесійная футбольная ліга Казахстана прадставіла сімвалічную зборную 23-га тура прэм’ер-лігі, у якую быў уключаны беларускі абаронца „Жетысу” Мікіта Навумаў. Каманда тура была складзена на аснове статыстычнага аналізу матчаў ад InStat. Для беларуса гэта трэцяе трапленне ў падобную каманду.

17-гадовы беларус Антон Старыкевіч стаў віцэ-чэмпіёнам свету па сеги

На чэмпіянаце свету па сёгі 2019 года другое месца заняў першакурснік БДУІР Антон Старыкевіч. Сёгі – японская гульня. У Еўропе яе называюць „японскімі шахматамі”. У гэтым годзе чэмпіянат свету праходзіў у Браціславе. У турнірнай табліцы Антон Старыкевіч апярэдзіў больш за сто ўдзельнікаў першынства і прапусціў толькі Хідеакі Такахашы, які і стаў чэмпіёнам свету. У гэтым годзе Антон Старыкевіч выйграў і моладзевы чэмпіянат Еўропы па сёгі.

„Барселона” хоча арандаваць Неймара на два гады з абавязацельствам выкупу

Іспанская „Барселона” працягвае працу па трансферы форварда „ПСЖ” Неймара. Каталонскі клуб прапанаваў парыжанам аддаць 27-гадовага форварда ў арэнду на два гады з абавязацельствам выкупу пасля другога сезона. Пры гэтым „Барселона” таксама заплаціць за абодва года арэнды бразільца – сума за кожны сезон складзе больш за 8,5 млн еўра. Раней паведамлялася, што „ПСЖ” адхіліць прапанову „Барсы” аб арэндзе футбаліста на адзін сезон, так як клуб не ўпэўнены, што „Барселона” зможа выкупіць Неймар наступным летам аднамомантавай выплатай.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя