У Пінску пабіты тэмпературны рэкорд
Тэмпературны рэкорд дня абноўлены ў Пінску 21 жніўня.
Згодна з аператыўнай картай тэмператур на рэсурсе meteoinfo.by, у гэтым раённым цэнтры Берасцейскай вобласці паветра прагрэлася да 32,3 градуса цяпла. Ранейшы максімум, паводле дадзеных архіва Белгідрамета, складаў 31,5 градуса і быў зафіксаваны ў 2000 годзе.
У Ганцавічах (таксама Берасцейская вобласць) паўтораны рэкорд 2007 года (31,5).
Цяплей за ўсё ўчора было ў Брагіне (Гомельская вобласць) — 32,5 градуса вышэй за нуль (рэкорд дня 34,1 у 2000 годзе), самым халодным месцам аказаўся Гродна — 16,5 (пры прагнозе 18—20). У Менску было 29,6 і без ападкаў (пры прагнозе 25—27 з навальнічным ліўнем).
Цяпер на тэрыторыю краіны распаўсюдзілася больш халоднае паветра з паўночнага захаду.
Першая траціна лета была анамальна гарачай, новыя рэкорды фіксаваліся 18 дзён чэрвеня (з 4-га па 17-е, 20-га, 21-га, 26-га і 30-га) і 1 ліпеня. Сярэдзіна лета аказалася самай халоднай за апошнія 20 гадоў. Тэмпературныя антырэкорды ночы абнаўляліся 4, 5 і 13—16 ліпеня, а таксама 3—6 жніўня.