Суд па іску нацыянальнага аэрапорта Менск да сайта petitions.by атрымае працяг



Эканамічны суд сталіцы абвясціў перапынак у папярэднім пасяджэнні па разглядзе іску нацыянальнага аэрапорта Менск да сайта petitions.by да 26 жніўня. Пасяджэнне 22 жніўня вёў суддзя Ігар Мурашкін.

Іскавую заяву да сайта petitions.by (некамерцыйная ўстанова „Кансультацыйны цэнтр імплементацыі інфармацыйных тэхналогій у грамадзянскай супольнасці „Сівік тэк”) падаў РУП „Нацыянальны аэрапорт Менск”. Сутнасць патрабаванняў — выдаліць петыцыю, размешчаную на сайце, апублікаваць абвяржэнне, выдаліць спасылкі на іншых сайтах, дзе згадваецца тэкст петыцыі.

У петыцыі, складзенай 9 ліпеня прадстаўнікамі службаў таксі і транспартных кампаній, утрымліваецца патрабаванне спыніць збіранне платы за паркоўку з легальных перавозчыкаў за трэці і больш заезд на працягу сутак на тэрыторыю аэрапорта. Атрымальнікам петыцыі названае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Прадстаўнікі істца лічаць гэта недакладнай інфармацыяй, якая наносіць шкоду дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Паводле іх слоў, у выпадку заключэння дагавора паркоўка службам таксі даецца бясплатна, а плаціць 10 рублёў за паркоўку павінны тыя, хто не заключаў адпаведны дагавор.

На просьбу суддзі даць прававое абгрунтаванне іскаваму патрабаванню прадстаўнікі аэрапорта адказаць не здолелі. Ад каментароў журналістам яны адмовіліся.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік праекта petitions.by Уладзімір Кавалкін, далейшыя дзеянні абарона будзе выбудоўваць пасля дапрацоўкі іску.

„Гэта дзіўны іск, таму што ён быў падрыхтаваны так, што яго патрабаванні задаволіць немагчыма. Таму суддзя і абвясціў перапынак у папярэднім пасяджэнні, пакуль аэрапорт сфармулюе патрабаванні да нас згодна з беларускім заканадаўствам, тады мы зможам разгледзець і альбо задаволіць, альбо не. Якасць падрыхтоўкі іску не дазволіла нам вызначыцца з далейшымі дзеяннямі”, — сказаў ён.

Працяг пасяджэння прызначаны на 11.00 26 жніўня.

БелаПАН