Сёлетні перапіс насельніцтва будзе каштаваць танней, чым папярэдні



Доля бюджэтных выдаткаў на перапіс насельніцтва знізіцца з 95% у 2009 годзе да 35% – у 2019-м, паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева 22 жніўня на прэс-канферэнцыі.

„Мы цяпер у актыўнай фазе падрыхтоўкі да перапісу. У нас перапіс пройдзе ў кастрычніку, будуць працаваць людзі, будзем плаціць камунальныя плацяжы, пройдзе апрацоўка дадзеных. Думаю, што інфармацыю (аб выдатках) мы агучым у лютым 2020 года. Але мы ўжо сёння дакладна бачым і можам сказаць, што гэты перапіс будзе таннейшым, чым перапіс 2009 года”, — адзначыла Мядзведзева, адказваючы на пытанні журналістаў аб выдатках на мерапрыемствы перапісу.

Паводле яе слоў, „праведзена актыўная праца са спонсарамі і міжнароднымі арганізацыямі”.

У прыватнасці, паведаміла Мядзведзева, у пачатку гэтага года Белстат пачаў рэалізацыю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі „Праект аказання садзейнічання падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва 2019 года ў Беларусі”. Праект рэалізуецца за кошт сродкаў гранта Сусветнага банка. Агульны аб’ём бюджэту — 1,9 млн долараў ЗША. „Рэалізацыя праекта накіравана на ўмацаванне нацыянальнага і інстытуцыйнага патэнцыялу ў падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва 2019 года, удасканаленне метадалогіі і тэхналогіі збору, апрацоўкі і распаўсюджвання даных перапісу ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і рэкамендацыямі, а таксама на ажыццяўленне мерапрыемстваў па забеспячэнні якасці дадзеных перапісу”, — адзначыла кіраўнік Белстата.

Яна расказала, што ў рамках рэалізацыі праекта „атрымана метадалагічная дапамога па правядзенні постперапіснога абследавання і ацэнкі якасці перапісу і распрацоўцы праграмнага забеспячэння для правядзення інтэрнэт-апытання, ажыццёўлена закупка планшэтаў (3 тыс. штук) і праграмна-апаратнага комплексу ORACL, закуплены паслугі тэхнічнага характару для правядзення інтэрнэт-перапісу, распрацаваны дызайн і праведзена тыражаванне плакатаў, білбордаў, іншай рэкламнай прадукцыі (календары, закладкі-лінейкі для школы і г.д.), падрыхтаваны навучальны і рэкламны відэаролікі”.

Акрамя таго, паведаміла Мядзведзева, адбыліся навучальныя семінары, у тым ліку па стратэгіі прасоўвання інфармацыі аб перапісе насельніцтва ў сацыяльных сетках і „выкарыстанні аналітычных сэрвісаў для аналізу актыўнасці карыстальнікаў”.

Паводле яе слоў, трэба будзе правесці інфармацыйную кампанію па ўдзеле насельніцтва ў перапісе, у тым ліку па прасоўванні перапісу ў інтэрнэце і іншыя мерапрыемствы.

Мядзведзева нагадала, што ўпершыню перапісныя лісты можна будзе запоўніць і адправіць анлайн. Інтэрнэт-перапіс пройдзе з 4 па 18 кастрычніка на спецыяльным партале. Дастаткова будзе ўвесці пашпартныя дадзеныя і нумар тэлефона і атрымаць код. Запоўніць ліст з лагічнымі падказкамі, і пасля завяршэння атрымаць сертыфікат аб праходжанні перапісу. Таксама можна прыйсці на стацыянарныя перапісныя ўчасткі. Да тых, хто не абраў першыя два спосабы, з 21 па 30 кастрычніка прыйдуць перапісчыкі з планшэтамі.

Мядзведзева запэўніла, што ўся персанальная інфармацыя пра людзей з’яўляецца канфідэнцыяльнай, анкеты пры апрацоўцы абязлічваюцца, ім прысвойваюцца нумары, і іх апрацоўка будзе весціся ў „асобным памяшканні з абмежаваным доступам супрацоўнікаў Белстата”.

БелаПАН