Старшыня СК Іван Наскевіч: Праблемы мелі „сістэмны характар”



У судзе Шчучынскага раёна вынесены прысуд па крымінальнай справе аб гібелі 16-гадовага навучэнца Лідскага філіяла Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Андрэя Дараховіча.

Абвінавачанаму 18-гадоваму Руслану Сіроціну прызначылі 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд яшчэ не набыў законную моц.

Трагедыя здарылася 1 красавіка ў Лідзе ў распранальні пры спартыўнай зале вучылішча. Пасля трэніроўкі Руслан Сіроцін ударыў 16-гадовага Андрэя Дараховіча ў грудзі не менш за тры разы. Ад апошняга ўдару Андрэй упаў, у яго спынілася сэрца, хуткая дапамога не змагла яго выратаваць.

Следчы камітэт распачаў справу на падставе ч. 1 арт. 144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці) Крымінальнага кодэкса Беларусі праз два тыдні пасля смерці Дараховіча.

Пазней справу перакваліфікавалі на ч. 3 арт. 147 (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць чалавека). Першы артыкул прадугледжваў да трох гадоў калоніі, другі — да 15 гадоў.

Старшыня СК Іван Наскевіч падчас расследавання справы адзначыў, што трагедыя з падлеткам была не прыватным выпадкам, а праблемы ў дзейнасці вучылішча мелі „сістэмны характар”.

Паводле яго слоў, за апошнія гады выхаванцаў абвінавачвалі ў шэрагу злачынстваў, што стала вынікам „бескантрольнасці за імі з боку трэнераў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і службовых асоб абласнога ўзроўню, якія закліканыя каардынаваць і кантраляваць адукацыйны і выхаваўчы працэс”.

У снежні 2018 года быў звольнены кіраўнік Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Тадэвуш Калошыч. Паводле высноў Генпракуратуры, у вучылішчы выявілі парушэнні заканадаўства, што ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы навучэнцаў.

belapan.by