Пенсія. Жыццё толькі пачынаецца?



Мы ў Беларусі любім паразмаўляць пра ўсемагчымыя рэформы… Апошнім часам у трэндзе геаграфія, а менавіта – магчымы новы адміністрацыйны падзел дзяржавы на 18 акругаў замест 6 абласцей…

Цікава-цікава… Выпускнікі беларускіх школаў 1999 года вывучалі штосьці падобнае на ўроках геаграфіі Беларусі ў 9 класе… Маўляў, гэта больш лагічны і правільны падзел, скарачэнне адміністрацыйных расходаў і эканомія на чыноўніках.

Даходзіш разважаннямі да чыноўнікаў (а правільней – да ашчаджэння выдаткаў за іх кошт!) і разумееш, што ўсё гэта – фантастыка. У дадзены момант часу немагчыма ашчаджаць на бюракратах. Хутчэй на іншым электаральным рэсурсе ёсць магчымасць ашчадзіць – на пенсіянерах! І тут воку адкрываюцца проста фантастычныя далягляды магчымасцей і варыянты развіцця падзей. Асабліва калі хтосьці з чыноўнікаў нашых шэрых шыротаў зверне ўвагу на замежны досвед. Неверагодна, але факт!

Брытанскі праўрадавы навукова-даследчы цэнтр Centre for Social Justice (CSJ) прапаноўвае падвысіць пенсійны ўзрост у Вялікабрытані спачатку да 70 (2028 год), а потым да 75 год (2035-ты). Пенсійны ўзрост у брытанцаў цяпер – 65 год, але навукоўцы падумалі і вырашылі, што больш працяглы працоўны перыяд можа палепшыць здароўе і дабрабыт. Аўтары даследвання “Упэўненае старэнне: падтрымка пажылой працоўнай сілы” быццам звяртаюцца да старэйшых людзей: “Панове, трымайцеся ў тонусе ды будзе вам шчасце!” А разам з ім – павелічэнне пенсійных зберажэнняў і паляпшэнне сацыяльных паслугаў для нас усіх. Сітуацыя нагадвае добра прапіяраны выраз: “Грошай няма, але вы трымайцеся!”

Брытанскае пачуццё гумару! І калі ў жыхароў туманнага Альбіёна не ўсё так блага з грашыма і пенсійны ўзрост пакуль рэальна плануюць падысіць толькі да 67 (2028), а потым 68 год (2035), то жыхарам іншай краіны варта задумацца. На іх можна паступова так добра ашчадзіць, што і ўвогуле пенсіі плаціць не прыдзецца, бо не будзе каму іх выплочваць. Ці дажывуць, бедныя? Ой, не факт! Праўда жыцця. Статыстыка.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ