„Дударыкі” Дзмітрыя Ровенскага



Аматарскі дзіцячы заслужаны фальклорны калектыў «Дударыкi» менскай гімназіі № 14 існуе амаль паўстагоддзя. За сваю шматгадовую гісторыю паспеў пабываць больш як у 30 краінах свету. У Польшчы “Дударыкі” выступаюць часта. Сёлета ансамбль быў удзельнікам “Спасаўскіх запустаў” у Бельску. А цяпер прыехаў зноў, каб даць канцэрты ў Познані ды Коніне. Са стваральнікам і кіраўніком “Дударыкаў” Дзмітрыем Ровенскім сустрэлася Ганна Комінч.

РР: Як узнікла ідэя стварэння гэтага калектыву? Бо яна, я так разумею, належыць вам.

Дзмітрый Ровенскі: Так. Справа ў тым, што я сам з пяці год граў на гармоніку. Мне бацька з вайны прывёз гармонік. Мой бацька быў кубанскім казаком. Ён прайшоў усю вайну, і як вызваляў Беларусь, застаўся там, дзе жыла мая маці, на ёй ажаніўся. І з вайны ў яго быў гармонік. Ён мне гэты гармонік падараваў, і я з пяці год граў, яшчэ ў школу не хадзіў, а ўжо на вяселлях граў. А ў Капылі, дзе я нарадзіўся, гэта ад Менска 125 кіламетраў, былі „Капыльскія дудары”. Такія вядомыя. Іх было чалавек 40 з дудкамі рознымі. І вось бацька мяне туды прывёў, мяне і брата. Ёсць фільм 1963 года пра „Капыльскіх дудароў”. Я гэты фільм шукаў 50 гадоў. Знайшоў у архіве. Там дзе я, яшчэ хлопчык 16-гадовы, разам з бацькам граю на дудках. Я граў у „Дударах” і духавым аркестры, бо скончыў музычную школу па класе баян-акардэон, і курсы пры Доме культуры на трамбон, барытон, пазней саксафон. І пайшоў працаваць у Дом культуры. Быў там у мяне эстрадны аркестр. Ёсць фотаздымкі, гэта 1964 год. Быў у нас недалёка ад Капыля фестываль эстрадных калектываў. Мы туды паехалі і нас зганілі. І я вырашыў, усё, не буду займацца эстрадай, а буду займацца фальклорам. Затым трапіў у Менск і пачаў ствараць свой ансамбль. Да арміі не атрымалася. Пасля арміі, маючы за плячыма толькі музычную школу, паступіў у 1970 годзе ў музычнае вучылішча. Вёў там хор, у мяне там было 100 чалавек. І затым „Дудароў” стварыў ў 1970 годзе.

Цалкам размова:

З госцем Радыё Рацыя размаўляла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя