Шкурдай выйграла срэбра на юніёрскім сусветным чэмпіянаце



Беларуская плыўчыха Анастасія Шкурдай заваявала сярэбраны медаль чэмпіянату свету сярод юніёраў, які праходзіць у Будапешце, на дыстанцыі 50 м батэрфляем. У паўфінальным заплыве беларуска паказала першы вынік – 25,85 секунды. У фінале Анастасія Шкурдай другой кранула борціка басейна – 25,77 секунды. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася спартоўка з ЗША Торы Хуске з вынікам 25,70 секунды.

Беларускія валейбалісткі саступілі расейкам на старце валейбольнага Еўра

Валейбалісткі зборнай Беларусі прайгралі расейкам з лікам 0:3 на старце чэмпіянату Еўропы. Свой першы паядынак у папярэдняй групе D у славацкай Браціславе супраць шматразовых чэмпіёнак Еўропы беларускі пачалі выдатна і вялі ў першай партыі з розніцай у 6 ачкоў – 11:5. Затым расейкі перахапілі ініцыятыву і здолелі выйграць партыю з лікам 26:24. У другім сэце перавага расейскай каманды была пераканаўчай – 25:16. У трэцяй партыі беларускі доўгі час лідыравалі, але ў канцоўцы саперніцы зноў апынуліся мацней – 25:22. Сёння беларускія валейбалісткі згуляюць са зборнай Іспаніі.

Літвінчук і Худзенка выйгралі золота чэмпіяна свету па веславанні

Беларускія спартоўцы заваявалі першыя ўзнагароды на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ ў вугорскім Сегедзе. Уладальніцамі золата на дыстанцыі 200 м на байдарцы-двойцы сталі Марына Літвінчук і Вольга Худзенка, якія паказалі вынік 36,21 секунды. Чэмпіёнкай планеты таксама стала Алена Ноздрава, якая перамагла ў фінальным заездзе на каноэ-адзіночцы на 500 м з вынікам 2 хвіліны 00,73 секунды. На гэтай жа дыстанцыі мужчынскіх байдарак-адзіночак беларус Мікіта Борыкаў заваяваў срэбраны медаль, саступіўшы толькі немцу Тому Лібшэру.

Герасімаў і Івашка згуляюць у асноўным турніры „US Open”

У вырашальным матчы кваліфікацыі Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе беларус Ягор Герасімаў нанёс паразу чэху Лукашу Росалу з лікам 6:2, 6:7, 7:6. Матч працягвалася 2 гадзіны 19 хвілін. Гэта першае трапленне Герасімава ў аснову турніру „Вялікага шлема”. Іншы беларус Ілля Івашка нанёс паразу паляку Камілу Майчрзаку з лікам 6:1, 7:5. Івашка паўтарыў дасягненне 2016 года, калі таксама здолеў прабіцца ў аснову „US Open” праз кваліфікацыю.

Сталі вядомыя і сапернікі Іллі Івашкі і Ягора Герасімава ў стартавым раўндзе асноўнай сеткі. Івашку выпала пазмагацца з аўстралійцам Танасе Какінакісам. Герасімаў памераецца сіламі з паўднёваафрыканцам Лойдам Харысам.

БГК з перамогі стартаваў на Кубку Белгазпрамбанка

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова паспяхова стартаваў у 12-м розыгрышы Кубка Белгазпрамбанка. Берасцейцы, якія з’яўляюцца дзеючымі пераможцамі гэтага турніру, на пляцоўцы свайго спарткомплексу „Вікторыя” разграмілі сапернікаў з фінскага „Рыіхімякі” з лікам 40:26. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Марка Паніч, які закінуў 6 мячоў.

„Дняпро” выйграў пасля працяглай серыі няўдач

Футбалісты магілёўскага клуба „Дняпро” перапынілі серыю з 6 паразаў запар у матчах чэмпіянату Беларусі. У паядынку 19-га тура магілёўцы адолелі на сваім полі гасцей з „Мінска” з мінімальнай перавагай 1: 0. Пераможны мяч на 62-й хвіліне забіў Дзмітрый Ігнаценка. На поле ФК „Мінск” футбалісты „Іслачы” з такім жа лікам саступілі „Слуцку”. Адзіны мяч у гэтай сустрэчы забіў Арцём Сярдзюк, які вызначыўся на 77-й хвіліне. 24 жніўня лідар першынства берасцейскае „Дынама” згуляе дома з менскім „Энергетыкам-БДУ”, які не выйграе ўжо ў трох турах запар. „Віцебск” на сваёй арэне сустрэнецца з гарадзенскім „Нёманам”.

Хет-трык Хесуса Імаза дапамог «Ягелоніі» абыграць «Віслу»

У матчы 6-га тура польскай футбольнай экстракласы «Ягелонія» Беласток на хатняй арэне перамагла «Віслу» Кракаў з лікам 3: 2. Гульцы абедзвюх каманд стварылі сапраўднае відовішча. Хет-трыкам адзначыўся былы футбаліст «Віслы» Хесус Імаз. Галы за «Віслу» забілі футбалісты, розніца ва узросце якіх складае два дзесяцігоддзі – 36-гадовы Павел Брожэк і 16-гадовы Адам Букса.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя