Больш за 150 праціўнікаў акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Берасця



25 жніўня апоўдні на плошчы Леніна ў Берасці чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле звестак праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было больш за 150 чалавек.

Міліцыя праз мегафон папярэджвала сабраных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі. Таксама не менш як сем праваахоўнікаў у цывільным знаходзіліся на плошчы і ўважліва слухалі, пра што гавораць прысутныя.

Асноўнай тэмай абмеркавання было паведамленне старшыні Берасцейскага аблвыканкама Анатоля Ліса 22 жніўня на прэс-канферэнцыі аб скасаванні інвестдагавора з кампаніяй „АйПаўэр”. Паводле яго слоў, згодна з умовамі дагавора, на выдзеленыя з інавацыйнага фонду Берасцейскага аблвыканкама сродкі прадпрыемства павінна было ажыццявіць увод у эксплуатацыю акумулятарнага завода да 31 ліпеня 2019 года. У адваротным выпадку сродкі, выкарыстаныя арганізацыяй згодна з дагаворам, павінны быць вернутыя.

Ліс паведаміў, што 2 жніўня аблвыканкам зрабіў запыт аб ходзе завяршэння рэалізацыі праекта. Паколькі кампанія не выканала свае абавязацельствы па дагаворы, праект не быў рэалізаваны ў названы тэрмін, аблвыканкам адмовіўся ад выканання сваіх абавязацельстваў, 14 жніўня ён паведаміў кампаніі „АйПаўэр” аб спыненні дагавора і запатрабаваў вярнуць сродкі ў інавацыйны фонд у добраахвотным парадку на працягу месяца з даты паведамлення.

Удзельнікі сённяшняй сустрэчы на плошчы станоўча ацанілі навіну аб скасаванні інвестдагавора і выказалі надзею, што гэта — чарговы крок да закрыцця завода.

Берасцейскі актывіст Алег Вялаў лічыць, што скасаванне інвестдагавора — гэта „моцны ўдар па „АйПаўэр”. Кампаніі, паводле яго слоў, давядзецца вярнуць не толькі грошы з інвестыцыйнага фонду. Прадпрыемства, адзначыў ён, пазбавілася ўсіх прэферэнцый, прадугледжаных гэтым дагаворам. У прыватнасці, яно павінна цяпер выплаціць мытныя плацяжы за ўвоз абсталявання, падатак на зямлю і ўсе астатнія выплаты, якія прадугледжвае стандартны інвестдагавор.

Актывістка Алена паведаміла, што праціўнікі будаўніцтва завода настойвалі на скасаванні інвестдагавора яшчэ з лютага 2018 года. „Мы пісалі, што народныя грошы выдаткаваныя на інавацыйныя мэты, — паведаміла яна. — Ніякіх інавацый на гэтым заводзе няма”. „Мы сёння на плошчы таму, што працягваем дамагацца канчатковага закрыцця гэтага завода”, — заявіла жыхарка Берасця.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Берасце”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пад Берасцем пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасце і Берасцейскім раёне 220 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які прыйшлі каля дзвюх тысяч чалавек.

З 3 траўня каля прадпрыемства кругласутачна дзяжураць актывісты. Яны неаднаразова фіксавалі факты вытворчай дзейнасці яшчэ не прынятага ў эксплуатацыю завода, які выкідваў ў паветра і гарадскую каналізацыю шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускала прадукцыю. Аб парушэннях яны інфармавалі адпаведныя інстанцыі.

14 чэрвеня Берасцейскі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне кіраўніка вобласці Анатоля Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”.

17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода пад Берасцем атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. Як паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель падчас прамой лініі, наколькі яму вядома, прычынай адмоўнага заключэння стала даванне недакладных звестак.14 жніўня праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

belapan.by