Як зніжэнне коштаў на сусветную нафту адаб’ецца на Беларусі?



Эканаміст Барыс Жаліба распавядае, чаму сусветныя кошты на нафту зніжаюцца, а паліва ў Беларусі даражэе.

Барыс Жаліба

Сусветныя цэны на нафту дасягнулі мінімуму апошніх 5,5 гадоў на фоне чутак пра рост запасаў паліва ў ЗША, паведаміла агенцтва Bloomberg.

Нафта маркі Brent, па дадзеных на ўчарашні дзень, патаннела на 1,5 працэнты да 46,72 даляра за барэль, пры гэтым цана ў ходзе таргоў апускалася ніжэй 46,7 даляра. Цана нафты маркі WTI ўпала на 1,39% – да 45,43% за барэль. Гэта самы нізкі паказчык з сакавіка 2009 года.

Барыс Жаліба: Зніжэнне коштаў на нафту адаб’ецца і на расейскай эканоміцы, і на беларускай. Мы экспарціруем нафту, а значыцца яна пойдзе па сусветных коштах, якія ўсё ніжэй і ніжэй. Акрамя таго, на Захад Беларусь экспарціруе нафтапрадукты, а іх кошт таксама знаходзіцца ў залежнасці ад сусветных коштаў на нафту. Ізноў будзе мінус. І я скажу, што пакуль не бачна мяжы, на якой зніжэнне спыніцца. Мы будзем губляць у экспарце, і, думаю, ужо губляем з пачатку году, калі параўноўваць валютны прыбытак ад экспарту, які на трэць залежыць менавіта ад нафты. Праўда, рынак калійных угнаенняў складваўся лепш напрыканцы году, гэта падтрымае беларускую эканоміку. Але ж губляць таксама не хочацца.

РР: Ці адчуюць на сабе падзенне сусветных коштаў на нафту простыя беларусы?

Барыс Жаліба: Не адразу, але адчуюць, бо гэта ўплывае на валютны рынак. Мы бачым, што зараз адбываецца у абменніках, і перспектывы тут не самыя лепшыя. Людзі чакаюць, калі вернуцца тыя часы, калі можна купіць валюту свабодна, але сітуацыя да гэтага часу застаецца нявызначанай.

РР: Як можна растлумачыць той факт, што кошты на нафту падаюць, а паліва ў Беларусі даражэе?

Барыс Жаліба: Беларуская эканоміка – не рыначная, таму кошты на паліва залежаць ад таго, якую ўдзельную вагу ў коштах на паліва складаюць падаткі. У Беларусі вельмі вялікі акцыз, падатак на дабаўленую вартасць, і яны могуць толькі павялічавцца, каб папаўняць бюджэт. А доля сабекошту ў нас ніжэйшая, чым у рыначных эканоміках. Там, калі зніжаецца сабекошт, то падае і кошт на бензін, паколькі зыходная сыравіна паліва – нафта.

РР: З чым вы звязваеце падзенне коштаў на нафту?

Барыс Жаліба: Ідзе такі трэнд. На мой погляд, ЗША і арабы дамовіліся пакараць Расею і караюць. Напрыклад, адзін з галоўных здабытчыкаў нафты – Саудаўская Аравія – заявіла, што не збіраецца зніжаць здабычу нафты. А, калі рынак запоўнены нафтай, то кошт будзе зніжацца. Расея можа і хацела б скараціць здабычу, але пакуль краіны АПЕК, куды яна не ўваходзіць, гэтага не зрабілі, то і ёй не мае сэнсу такое рабіць. Зараз ідзе пройгрыш па кошту, а, скараціўшы здабычу нафту, будзе пройгрыш яшчэ і па колькасці. Расея тут ні на што не можа паўплываць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя