Выйшаў з друку працяг «Гістарычнай мазаікі Слонімшчыны»



У менскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла з друку другая кніга Сяргея Чыгрына «Гістарычная мазаіка Слонімшчыны».

Справа ў тым, што напачатку 2019 года свет пабачыла яго першая кніга «Гістарычная мазаіка Слонімшчыны», якая спадабалася не толькі слонімскім чытачам, але і тым, хто цікавіцца гісторыка-краязнаўчай літаратурай у межах усёй рэспублікі. Таму другая кніга «Гістарычная мазаіка Слонімшчыны» з’яўляюцца працягам першай. Разам атрымалася дзве кнігі «Гістарычнай мазаікі Слонімшчыны» – вельмі арыгінальнага і цікавага выдання.

Тэксты і здымкі ў кнізе дапаўняюць адзін аднаго, каб праўдзіва паказаць гісторыю слонімскай зямлі, лёсы людзей, помнікі, падзеі, факты. Ад першабытных людзей да сучасных падзей на Слонімшчыне – гэта падарожжа ў часе. Таму тых, хто захоплена ўглядаецца ў сівую мінуўшчыну Слонімшчыны і ў яе сучаснасць, чакаюць новыя адкрыцці і сустрэчы на старонках новай кнігі Сяргея Чыгрына.

Выданне, прысвечанае Слонімшчыне, ужо паступіла ў кнігарні Слоніма, а праз пэўны час яе змогуць набыць і ў краме «Акадэмічная кніга» у Менску.

Беларускае Радыё Рацыя