Разгляд іску нацыянальнага аэрапорта да сайта petitions.by прызначаны на 30 жніўня
Эканамічны суд Мінска прызначыў разгляд па сутнасці іску нацыянальнага аэрапорта Менск да сайта petitions.by на 30 жніўня. Такое рашэнне прынятае па выніках праведзенага 26 жніўня ў судзе папярэдняга слухання. Пасяджэнне вёў суддзя Ігар Мурашкін.
Прадстаўнікі аэрапорта падалі іскавую скаргу на петыцыю, складзеную 6 ліпеня сэрвісамі перавозкі пасажыраў. Складальнікі звароту заклікалі адмяніць плату за карыстанне стаянкай для аўтамабільнага транспарту больш за два разы за суткі для перавозчыкаў, якія не заключылі спецыяльны дагавор. Пад петыцыяй падпісаліся 360 чалавек, яна была накіраваная ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. 8 жніўня на яе атрыманы адказ з Міністэрства транспарту і камунікацый.
Прадстаўнік аэрапорта палічыў гэтую петыцыю і публікацыі аб ёй у СМІ недакладнай інфармацыяй і запатрабаваў у іску выдаліць петыцыю, апублікаваць абвяржэнне, а таксама спыніць публікацыю спасылак на петыцыю „аператарамі пошукавых сістэм”.
„Дзелавую рэпутацыю нацыянальны аэрапорт беражэ, але ў рамках дадзенага расследавання яе не абараняе. Мы абараняем свае інтарэсы і права грамадзян на доступ да інфармацыі паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, — заявіў ён.
На просьбу суддзі ўдакладніць, якія нормы права, на думку істца, парушыў адказчык (некамерцыйная ўстанова „Кансультацыйны цэнтр імплементацыі інфармацыйных тэхналогій у грамадзянскай супольнасці „Сівік тэк”), прадстаўнік аэрапорта зноў не змог даць канкрэтны адказ.
Таксама падчас слухання ісцец падаваў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў іску адмовы арганізацый ад удзелу ў аўкцыёне, запланаваным на 24 ліпеня, на права арэнды пляцоўкі для размяшчэння стаянкі для таксі ў аэрапорце. Аўкцыён не адбыўся, і, на думку прадстаўніка аэрапорта, адной з прычын гэтага з’яўлялася петыцыя і наступныя публікацыі на гэтую тэму. Акрамя таго, прадстаўнік аэрапорта запытаў у адказчыка звесткі аб асобе, якая апублікавала петыцыю. Абодва хадайніцтвы суд адхіліў.
Бок адказчыка апеляваў да таго, што размешчаная ў петыцыі інфармацыя адпавядае рэчаіснасці і што нельга выстаўляць іскі ў адказ на петыцыі, бо права звяртацца ў дзяржаўныя органы гарантаванае Канстытуцыяй.
„Калі грамадзяне і арганізацыі звяртаюцца ў дзяржаўныя органы, хай нават яны паведамляюць недакладную інфармацыю, памылковую, зыходзячы з меркавання і тлумачэння магчымых сітуацый, у дадзеным выпадку прымяненне якой-небудзь адказнасці недапушчальнае, таму што грамадзяне рэалізуюць права, дадзенае ім Канстытуцыяй”, — лічыць прадстаўнік адказчыка.
На думку адваката адказчыка, аэрапорт у дадзенай сітуацыі мог альбо даць адказ на петыцыю, патлумачыўшы, чаму менавіта ён лічыць правілы законнымі, або звярнуцца ў СМІ з патрабаваннем апублікаваць сваю пазіцыю па гэтым пытанні. Прадстаўнікі аэрапорта гэтага не зрабілі. Ад каментароў яны адмовіліся.
Паводле слоў кіраўніка праекта petitions.by Уладзіміра Кавалкіна, гэтае пытанне лёгка вырашалася ў дасудовым парадку.
„Ісцец зноў не можа абгрунтаваць свае патрабаванні нормамі законаў. А тыя нормы, на якія ён спасылаецца, не прадугледжваюць тых спосабаў абароны, якія ён хоча. Увогуле, усё можна было вырашыць у дасудовым парадку, калі б аэрапорт даслаў свой дадатак да адказу на петыцыю. Мы б яго абавязкова апублікавалі на той жа старонцы, дзе апублікаваны зварот. Але відавочна, што істцу не цікава выказаць сваю пазіцыю і данесці яе да грамадзян, а важна пасудзіцца”, — сказаў ён.
Разгляд іску адбудзецца 30 жніўня ў 14.30 у эканамічным судзе Мінска.