Мінпрыроды разлічвае закрыць усе старыя міні-палігоны адкідаў
Цягам бліжэйшых двух гадоў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя спадзяецца вырашыць пытанне з закрыццём усіх міні-палігонаў цвёрдых камунальных адкідаў у краіне, якія выпрацавалі свае магутнасці, паведаміў 27 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.
Паводле яго слоў, міні-палігоны для пахавання адкідаў, якія існуюць у Беларусі, былі створаныя яшчэ ў 1970-х гадах. Зараз у краіне арганізаваны маніторынг дзейных палігонаў. „На жаль, аналіз маніторынгу паказвае, што там ёсць пэўныя перавышэнні па негатыўным уздзеянні на навакольнае асяроддзе. Таму Мінпрыроды разам з мясцовымі органамі ўлады і арганізацыямі — трымальнікамі гэтых палігонаў распрацоўваюць план мерапрыемстваў па зніжэнні шкоднага ўздзеяння. Калі такі план не будзе распрацаваны, не будуць прынятыя дадатковыя меры скарачэння шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, міністэрства зробіць адміністрацыйныя захады аж да закрыцця палігонаў”, — распавёў ён.
Ёсць палігоны, якія ўжо выпрацавалі свае магутнасці і не маюць права на эксплуатацыю, паколькі не адпавядаюць экалагічным патрабаванням, працягнуў чыноўнік. „Мы спадзяемся, што нам разам з ЖКГ атрымаецца на працягу двух гадоў закрыць гэтыя міні-палігоны, хай гэта дзесьці нязручнасць для насельніцтва. Я думаю, гэта нівелюецца за кошт распрацоўкі дзейсных схемаў абыходжання з камунальнымі адходамі, у тым ліку і паасобнага збору смецця, вывазу яго ў тэрмін. Гэта ўсё дапаможа нам паменшыць аб’ёмы ўтварэння адходаў і дасць магчымасць уключыць у гаспадарчую дзейнасць другасныя матэрыяльныя рэсурсы”, — сказаў Корбут.
Прадстаўнік міністэрства лічыць няправільным тое, што сёння на палігоны вывозіцца вялікі аб’ём другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). „Трэба ўкараняць энергетычнае выкарыстанне камунальных адходаў і адходаў прамысловасці ўсюды, дзе гэта магчыма, каб атрымліваць цяпло і электраэнергію”, — падкрэсліў ён.
Пры гэтым чыноўнік адзначыў, што цалкам праблему адходаў такія захады не вырашаюць — застаецца пасля спальвання ад 10 да 30% шлама. „Аднак гэта значна меншы аб’ём пахавання, які мы сёння ажыццяўляем”, — сказаў на заканчэнне Корбут.
Старшыня МГА „Экапартнёрства” Юлія Яблонская дадала, што ўжо распрацаваная канцэпцыя рэгіянальнай інфраструктуры па перапрацоўцы і захаванні адходаў. Яна патлумачыла, што прапануецца ўкараніць новы рэгіянальны падыход. Зараз у Беларусі ёсць па палігоне ў кожным раёне плюс міні-палігоны. Прапануецца ж, каб пры будаўніцтве новых аб’ектаў палігоны ствараліся не дзеля аднаго раёна, а для двух-трох, а то і адзін на ўвесь рэгіён.
„Пілотны праект з дапамогай Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця будзе ажыццёўлены ў Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах. Там будзе будавацца рэгіянальны палігон, куды будуць звазіць адходы з двух гэтых раёнаў. Там жа будзе знаходзіцца пляцоўка для кампаставання і сартавання адходаў для мінімізацыі іх пахавання, — распавяла Яблонская. — Гэты падыход з улікам міжнароднага вопыту з’яўляецца найбольш эканамічна і экалагічна мэтазгодным „.