Лукашэнка не паляціць у Варшаву
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі падзякавалі прэзідэнту Польшчы за запрашэнне на адрас беларускага прэзідэнта на мерапрыемствы з нагоды 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны, але адзначылі, што Аляксандр Лукашэнка не паляціць у Варшаву. Беларусь будзе прадстаўляць амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда яшчэ ў сакавіку запрасіў Аляксандра Лукашэнку на мерапрыемствы ў Варшаве.
Палітолаг Валер Карбалевіч адзначае, што супярэчлівыя ацэнкі гістарычных падзей не дазваляюць беларускаму кіраўніку ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве:
– Гэтая падзея – пачатак Першай сусветнай вайны, даволі двухсэнсоўная і далікатная. Дасюль працягваецца ідэалагічная дыскусія наконт пакта Молатава-Рыбентропа, у выніку якога адбыўся падзел Польшчы ў 1939 годзе, пачалася Першая сусветная вайна. Калі краіны Еўропы лічаць, што гэты пакт быў са знакам мінус, то расейскай ідэалагічнай канцэпцыі. Лічыцца, што гэты пакт дапамог адцягнуць пачатак Другой сусветнай вайны, Вялікай айчыннай вайны. Беларусь у прынцыпе прытрымліваецца гэтага гістарычнага міту.
Неадназначна выглядаў бы ўдзел Лукашэнкі ў мерапрыемствах 1-га верасня ў Варшаве і яшчэ па двух прычынах, дадае Валер Карбалевіч:
– Калі для Польшчы верасень 1939 года – гэта вялікая трагедыя, то для Беларусі не зусім так. У выніку гэтых падзей Заходняя Беларусь і Усходняя Беларусь аб’ядналася. То бок падзея вельмі неадназначная, шмат хто яе ацэньвае са знакам плюс, да таго Лукашэнка не хоча псаваць адносінаў з Расеяй.
У канцылярыі прэзідэнта Дуды раней адзначалі, што Польшча будзе адзначаць гэтую дату разам з краінамі, „з якімі сёння блізка супрацоўнічае на карысць міру ў свеце паводле прынцыпаў міжнароднага права”. Такімі дзяржавамі лічацца краіны NATO, Еўразвяза і Усходняга партнёрства, у тым ліку і Беларусь як член апошняй ініцыятывы. А вось Расея да такіх краін не адносіцца, таму і Уладзіміра Пуціна ў Варшаву не запрасілі.
Беларускае Радыё Рацыя