Тэатр імя Янкі Купалы распачынае 100-ы сезон (абноўлена)
Купалаўскі тэатр рыхтуе самую масавую ў беларускай гісторыі пастаноўку «Паўлінкі»
Такая імпрэза значыцца сярод іншых праектаў да стагоддзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, зазначыў на сустрэчы з журналістамі напярэдадні адкрыцця 100-га сезону гендырэктар тэатра Павел Латушка:
– Мы распачалі новы праект «Музычныя вечары ў Купалаўскім», прадпрым’ера якога адбылася ў ліпені бягучага года. І мы будзем працягваць гэты праект на працягу ўсяго сотага сезону. Мы плануем паставіць самую масавую за гісторыю пастановак «Паўлінку». А плануецца, што гэтая пастаноўка будзе рэалізаваная на радзіме класіка нашай літаратуры ў Вязынцы. Мы прапануем спецыяльную адукацыйную праграму для школьнікаў. Мэтай гэтай праграмы з’яўляецца фармаванне і развіццё творчых здольнасцяў вучняў, аналітычнага і творчага мыслення.
Акрамя таго, у хуткім часе павінен з’явіцца часопіс Купалаўскага тэатра і спецыяльнае выданне кнігі пра 100-гадовую дзейнасць тэатра з архіўнымі матэрыяламі.
***
У юбілейны сезон вядучымі словамі для Купалаўскага стануць Гісторыя, Сучаснасць і Будучыня, сказаў на прэс-канферэнцыі ў тэатры ягоны генеральны дырэктар, нядаўні дыпламат Павел Латушка.
Паводле ягоных слоў, стратэгія Купалаўскага, акрэсленая стваральнікамі тэатру стагоддзе назад, застаецца нязменнай сёння і не будзе мяняцца наступнікамі:
– 29 верасня мы накіруемся ў горад Беласток, у Польшчу. Там жыве вялікая колькасць беларусаў, беларускай этнічнай меншасці, там запатрабаваная беларуская культура. І мы прадставім спектакль «Пінская шляхта».
Зараз вядуцца перамовы наконт супрацы з тэатрамі Варшавы, Любліна, Кіева, не выключана, што такая супраца можа быць і з тэатрамі Мадрыда, Вільні і Вены.
Да 100-га сезону і 100-годдзя тэатру ў сталіцы пройдзе шэраг урачыстасцяў. Самыя маштабныя з іх – Дні Купалаўскага каля менскай Ратушы ў чэрвені 2020 года.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя