Мікалай Пінігін: Паліцыя – гэта „фраеры”



Да стагоддзя Купалаўскага адновяць пастаноўку «Тутэйшых», з «Яблычкам» Пясецкага не атрымалася

Самая чаканая прэм’ера 100-га сезону ў Купалаўскім тэатры – новая версія пастаноўкі Мікалая Пінігіна «Тутэйшыя» Янкі Купалы. У 90-х гэты спектакль стаў культавым у беларускай публікі і ўжо ў 1992-м атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Праўда, як сказаў на прэсавай канферэнцыі ў Менску мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін, зноў узяцца за пастаноўку яго прымусілі гледачы.

– Напрыканцы сезону, у чэрвені, я вымушаны паставіць спектакль «Тутэйшыя», мяне прымусілі гэта зрабіць. Я не хацеў рабіць. У 91-ым мы паставілі забароненую купалаўскую п’есу. Мяне шмат людзей прасіла гэта зрабіць. Канешне, не вярнуць тых артыстаў, якія тады маладыя яшчэ працавалі ў тым спектаклі. Але тым не менш Купалу ў купалаўскім тэатры мы ў юбілейны соты сезон павінны зрабіць.

А вось з пастаноўкай «Яблычка» Сяргея Пясецкага, якую сам Пінігін анансаваў два гады таму, пакуль не атрымліваецца – не змаглі адаптаваць твор да сцэны.

– Мне два чалавекі без усякай дамовы, без грошай пагадзіліся – і не атрымалася. Таму зараз трэці чалавек паўстаў, які спрабуе гэта зрабіць. Пакуль няма якаснай інсцэніроўкі, я не буду за гэта брацца. І называўся наш спектакль «Блатныя і фраеры». «Яблычка» – не цікава зараз, а «Блатныя і фраеры» – гэта касавая назва. Менскія блатныя і фраеры. Фраеры – гэта вы ўсе, а блатныя – гэта толькі злодзеі, нават паліцыя – «фраеры»,  гэта вельмі цікава.

Сярод гучных прэмʼер юбілейнага сезону Мікалай Пінігін адзначыў свайго «Караля Ліра» і пастаноўку расейскага рэжысёра Сяргея Зямлянскага «Мой Шагал».

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя