План уладаў можа прывесці да аварыі на БелАЭС



Актывісты «Беларускай антыядзернай кампаніі», куды ў тым ліку ўваходзяць Беларуская партыя «Зялёныя» і грамадскае аб’яднанне «Экадом», звярнуліся з адкрытым лістом у Дзяржатамнагляд і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. У ім адзначаецца, што на мінулым тыдні Дзяржатамнагляд апублікаваў тэкст Нацыянальнага плана дзеянняў па выніках правядзення стрэс-тэстаў Беларускай АЭС на сваім вэб-сайце.

Крайнюю занепакоенасць выклікаюць факты, якія сведчаць аб тым, што працэдура стрэс-тэстаў не дастаткова сурʼёзна ўспрымаецца беларускім бокам.

Такі падыход можа прывесці да новай аварыі, у тым ліку з маштабным радыеактыўным выкідам! Нацплан дзеянняў змяшчае некарэктную інтэрпрэтацыю працэдуры стрэс-тэстаў і вынікаў партнёрскай праверкі, пераконвае ў нібыта надмернасці і неабавязковасці прапанаваных еўрапейскімі рэгулятарамі мерапрыемстваў па вырашэнні праблем бяспекі Беларускай АЭС. Нацплан дзеянняў не ўключыў усіх рэкамендацый, а большасць практычных мер прадугледжваецца ў дачыненні да ўжо дзеючай станцыі. Экаактывісты заклікаюць Дзяржатамнагляд да перагляду графіка выканання Нацплана дзеянняў і ўключэння туды ўсіх рэкамендацый.

Беларускае Радыё Рацыя