Суд не задаволіў пазоў нацыянальнага аэрапорта
Эканамічны суд Менска 30 жніўня адмовіў нацыянальнаму аэрапорту Менск у пазоўных патрабаваннях да сайта petitions.by. Рашэнне вынес суддзя Ігар Мурашкін.
Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з аэрапорта 1.400 рублёў на карысць адказчыка для кампенсацыі выдаткаў адказчыка за юрыдычную дапамогу.
Прадстаўнікі аэрапорта падавалі пазоўную скаргу ў сувязі з петыцыяй, складзенай 6 ліпеня сэрвісамі перавозкі пасажыраў і размешчанай на сайце petitions.by. Складальнікі звароту заклікалі адмяніць плату за карыстанне стаянкай для аўтамабільнага транспарту больш за два разы ў суткі для перавозчыкаў, якія не заключылі спецыяльную дамову. Пад петыцыяй падпісаліся 360 чалавек, яна была накіраваная ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. 8 жніўня на яе атрыманы адказ з Міністэрства транспарту і камунікацый.
Прадстаўнікі нацыянальнага аэрапорта палічылі фрагменты гэтай петыцыі і публікацыі аб ёй у СМІ недакладнай інфармацыяй і запатрабавалі ў пазове выдаліць петыцыю, апублікаваць абвяржэнне, а таксама спыніць публікацыю спасылак на петыцыю „аператарамі пошукавых сістэм”.
Пазоўнікі настойвалі на тым, што размешчаная петыцыя перашкаджае гаспадарчай дзейнасці аэрапорта, у прыватнасці працы тэрмінала таксі. Яны лічаць, што перавозчыкі, прачытаўшы гэту інфармацыю, могуць адмовіцца ад супрацоўніцтва з аэрапортам.
„Выдаленне інфармацыі з сайта не з’яўляецца барацьбой аэрапорта са зваротамі, той, хто падае зварот, не з’яўляецца адказчыкам”, — адзначыў у сваім выступленні прадстаўнік нацыянальнага аэрапорта. Таксама, паводле яго слоў, аэрапорт не заключае дамову са службамі таксі, а бясплатна дае ім згоду на працу на сваёй тэрыторыі і электронны пропуск для бесперашкоднага ўезду на яго тэрыторыю.
Бок адказчыка заяўляў, што аэрапорт спрабуе „перакрэсліць канстытуцыйнае права, якім паспрабавалі скарыстацца 360 чалавек, якія падпісалі петыцыю”. Таксама ён адзначыў, што размешчаная інфармацыя адпавядае рэчаіснасці. Адказчык падкрэсліў, што аэрапорт даслаў сваю пазіцыю па гэтай петыцыі толькі пасля двух судовых слуханняў, 27 жніўня. Сайт petitions.by размясціў гэта тлумачэнне на той жа старонцы з петыцыяй.
Прадстаўнік адказчыка, кіраўнік праекта petitions.by Уладзімір Кавалкін задаволены рашэннем суда.
„Я рады, што суд стаў на абарону інтарэсаў грамадзян і грамадства, на абарону іх канстытуцыйных правоў на зварот у дзяржорганы. Сайт працуе не як СМІ, а як інфармацыйная сістэма, якая дазваляе грамадзянам падаваць звароты, узаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі ўлады, дамагацца пазітыўных змен у нашым грамадстве. І безумоўна, гэтыя канстытуцыйныя правы грамадзян значна вышэйшыя за вузкія карпаратыўныя інтарэсы асобна ўзятага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства, якое спрабуе пазбавіць грамадзян іх канстытуцыйных правоў”, — сказаў ён.
Прадстаўнікі аэрапорта ад каментароў адмовіліся.