Двухбаковыя пазітыўныя адносіны паміж Беларуссю і Германіяй
Адносіны Беларусі з Германіяй, таксама як і з Еўрапейскім саюзам, на працягу апошніх гадоў развіваліся „выключна пазітыўна” ў палітыцы і эканоміцы, але перш за ўсё ў галіне культурных абменаў. Пра гэта заявіў пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр 1 верасня на афіцыйным адкрыцці ў Менску першага гарадскога сацыяльнага фестывалю IBB JubiläumsFest, які праходзіць у гонар 25-годдзя Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау (IBB Мінск).
„Наша мэта заключаецца ў захаванні і ўзмацненні гэтай пазітыўнай дынамікі. Гэта ўдасца нам у тым выпадку, калі мы працягнем праяўляць цікавасць і цікаўнасць да развіцця адзін аднаго. Таму што толькі так можна выратаваць давер”, — падкрэсліў Хутэрэр.
Паводле яго слоў, IBB Менск уяўляе сабой сёння „прамыя і творчыя сувязі паміж людзьмі”. „Ён з’яўляецца галоўнай германа-беларускай платформай для кантактаў паміж нашымі краінамі па лініі грамадзянскай супольнасці. Тым самым ён адыгрывае ролю галоўнай апоры ў нашых адносінах”, — сказаў дыпламат.
Ён расказаў, што ідэя заснавання Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау паўстала больш за 30 гадоў таму „з імкнення да прымірэння з народамі Савецкага Саюза”. Пачатак быў пакладзены асабістымі кантактамі ў 1986 годзе трох сацыяльных педагогаў з Дортмунда, якія наведалі Беларусь, паведаміў пасол. Цэнтр адкрыўся 4 верасня 1994 года для рэалізацыі сумесных беларуска-нямецкіх адукацыйных праектаў.
„Мы павінны прыкласці ўсе намаганні для захавання гэтага месца сустрэч і навучання, — заявіў Хутэрэр. — Цэнтральнае значэнне для федэральнага ўрада Германіі мае правядзенне Менскім міжнародным адукацыйным цэнтрам праграмы падтрымкі Беларусі, якая фінансуецца Федэральным міністэрствам эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. Асаблівасцю гэтай праграмы з’яўляецца ініцыяванне і рэалізацыя праектаў грамадзянскіх ініцыятыў шляхам прамога ўзаемадзеяння з органамі кіравання на месцах. Толькі падчас восьмага этапу праграмы падтрымкі, які адбыўся ў сакавіку гэтага года, дапамога была аказана 22 германа-беларускім партнёрскім праектам, у тым ліку на карысць уразлівых груп насельніцтва”.
Пасол звярнуў увагу на тое, што, цэнтр перш за ўсё з’яўляецца платформай для дыскусіі па пытаннях сучаснасці і будучыні германа-беларускіх адносін. „Для палітычнага фарміравання будучыні неабходна захоўваць старую дружбу і ўсталёўваць новыя партнёрскія адносіны. Асабліва ў часы, калі яшчэ існуе небяспека новых равоў паміж Усходам і Захадам, нам неабходны больш ці менш інтэнсіўны дыялог і кантакты”, — дадаў ён.
Паводле слоў старшыні дырэкцыі цэнтра Віктара Балакірава, за 25 гадоў працы IBB Мінск стаў своеасаблівым мостам паміж Беларуссю і Германияй і вельмі важнай дыялогавай пляцоўкай паміж Усходам і Захадам. Ён нагадаў, што заснавальнікамі цэнтра з’яўляюцца Дортмундскі IBB і Менгарвыканкам. „Сёння асноўныя кірункі дзейнасці IBB Менск — культура памяці, устойлівае развіццё, сацыяльныя праекты, медыя”, — адзначыў Балакіраў. За асаблівыя заслугі ва ўклад у паразуменне і прымірэнне паміж Беларуссю і Германіяй па ініцыятыве беларускага МЗС у 2006 годзе цэнтру было прысвоена імя былога федэральнага прэзідэнта Германіі Ёханеса Рау.