Глыбоцкія журналісты прыбраліся на былой польскай стражніцы



Глыбоцкія журналісты зладзілі экалагічную акцыю. Яны сабралі смецце ў лесе ля вёскі Івесь, дзе знаходзілася былая польская стражніца «Каменны Воз». А таксама прыбраліся на месцы памятнага знака, дзе было знойдзена цела памежніка Паўла Палчынскага. Камандзір польскай стражніцы загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года, абараняючы мяжу ад савецкіх войскаў, якія наступалі. Перад гэтым ён, па сведчаннях мясцовых жыхароў, дзве гадзіны трымаў абарону, знішчыўшы некалькі дзясяткаў чырвонаармейцаў.

Як кажа рэдактар газеты «Вольнае Глыбокае» Уладзімір Скрабатун, здавалася б, што гэта не наша гісторыя, але яна частка нашых падзеяў, якая нас вельмі закранула:

– Вельмі закранула наш край, нашу заходнебеларускую гісторыю, таму мы тут, каб людзі памяталі, што свабода дастаецца часам у барацьбе, і трэба праліваць кроў за гэтую свабоду. І гэты прыклад Паўла Палчынскага ёсць прыкладам і для нас, беларусаў, як трэба змагацца за волю сваёй краіны, адстойваць яе незалежнасць. Хоць гэта, канешне, у большай ступені польская гісторыя, але гэта для нас – прыклад.

Пасля экалагічнай акцыі журналісты наведалі конную сядзібу былога географа Аляксея Серафімовіча, які распавёў пра свае экспедыцыі па вывучэнні азёр Беларусі. Напрыканцы была зладжана агульная вячэра ля вогнішча непадалёк ад возера Супонец.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя