Першы “Кніжны пікнік” прайшоў у Віцебску



Імпрэзу падрыхтавала грамадска-культурніцкая ўстанова “Vitebsk4me” („Віцебск для мяне”), а прайшла яна на адкрытым паветры – у дворыку гістарычнага будынку пад №13 на вуліцы Кастрычніцкай. Помнік архітэктуры так званага латгальскага барока – гэта жылы дом, у якім арандуе офіс гарадская структура “Хрысціянскай садружнасці дарослых і моладзі”.

Яе прадстаўніца Яўгенія Пачэпка лічыць, што імпрэзы ў фармаце “open air” вельмі арганічна ўпісваюцца ў тутэйшы гарадскі ландшафт:

– Гэта вельмі цікавы дом, гісторыка-культурная каштоўнасць, і ў двары ёсць прывабны закуток і сценка з кладкай з чырвонай цэглы. Я, прыкладам, вельмі даўно мару пра кінапаказы ў двары. І спадзяюся, што, калі будзе хоця яшчэ трошкі цёпла, то мы зможам і ўвосень тут яшчэ сустрэцца.

Дырэктарка ўстановы “Vitebsk4me” Вольга Бізікава распавяла, чаму “Кніжны пікнік” прымеркаваны да новага навучальнага года, і якія мерапрыемствы ўвайшлі ў праграму:

– Кнігі – гэта веды, якімі мы хочам дзяліцца з людзьмі. І кожны можа прыносіць кнігі, што ўжо прачытаныя, і перадаць іх іншым добрым людзям. Яшчэ ў нас тут турнір па шашках і майстар-клас па скетчынгу. Скетчынг – гэта хуткія накіды, можна хутка намаляваць нейкі малюнак і забраць яго сабе.

“Кніжны пікнік”, які прайшоў у Віцебску ўпершыню, можа стаць традыцыйным гарадскім мерапрыемствам, ініцыяваным гарадскімі моладзевымі актывістамі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя