Новаўвядзенні ў ліцэі з беларускай мовай навучання



158 першакласнікаў пачынае сёння школьны год у агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы. У гэтым годзе, у сувязі з рэформай, будуць працаваць па тры аддзелы, якія будуць вучыцца ў 3 гадовым ліцэі, ды таксама 3 класы, якія пойдуць ужо новай праграмай чатырохгадовага ліцэя.

«Гэта ставіць новыя выклікі перад настаўнікамі», – кажа дырэктар ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук:

– Сітуацыя новая. Пара і нейкія новыя выклікі, таму што нам хочацца захаваць метады працы, якія мы выпрацавалі гадамі на аснове новага ліцэя. А гэта даволі складана, паколькі гэтая рэформа прадбачвае вяртанне да старых сістэмаў, дзе былі прафіляваныя класы. Вось мы робім усё, каб даць вучням магчымасць больш эластычна рашаць свой далейшы шлях.

У гэтым годзе Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання адзначае таксама 70 –годдзе існавання. Урачыстасці, прымеркаваныя да юбілею, а таксама з’езд выпускнікоў, пройдуць напрыканцы верасня.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя