Павел Левінаў: Выбарчай камісіі са мною сумна не будзе!
Аднаго з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў, жыхара Віцебску Паўла Левінава ўключылі ў склад абласной выбарчай камісіі. Для многіх гэта стала нечаканасцю, у тым ліку і для самога праваабаронцы: апошнія 5 ці 6 выбарчых кампаній прайшлі для яго ў змаганні за тое, каб трапіць хаця б ва ўчастковую камісію. І змаганне гэтае было безвыніковым.
У інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя Павел Левінаў падкрэсліў, што ў чальца абласной камісіі магчымасцяў заўважыць фальсіфікацыі або нейкія іншыя махінацыі не так шмат, бо камісія не займаецца падлікам бюлетэняў. Але ён збіраецца выконваць свае абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўствам, і будзе патрабаваць гэтага ад іншых:
– Так, я разумею, што мне будзе нялёгка, – што камісія складаецца з 13-ці чальцоў, і адзін мой голас супраць 12-ці , скажам, нічога не значыць. Але я маю права наведваць і акруговыя камісіі, і ўчастковыя камісіі, і ў тым ліку прысутнічаць падчас падліку галасоў. Упэўнены, сумаваць абласной выбарчай камісіі з маім удзелам не давядзецца!
Павел Левінаў стаў адзіным праваабаронцам на Віцебшчыне, якому ўдалося трапіць у выбарчую камісію абласнога рангу. У мінулыя гады ў яе былі ўключаны прадстаўнікам Партыі левых “Спpавядлівы свет” і Партыі БНФ, а падчас мінулай выбарчай кампаніі ў абласной выбарчай камісіі не было ніводнага прадстаўніка віцебскай дэмакратычнай супольнасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск