1 верасня



Дзіўныя супадзенні здараюцца ў свеце… Возьмем беларускае Залессе на Смаргоншчыне і польскае мястэчка Гузаў непадалёк ад Варшавы. І тут, і там маем рэзідэнцыю роду князёў Агінскіх.

Праўда, у Залессі сёння – музей, а Гузаў – прыватная тэрыторыя, уладанне братоў Сабаньскіх. У Залессі прайшла рэстаўрацыя, а ў Гузаве – усё яшчэ ў працэсе… Справа ў іншым. Польшча ў гэтыя дні згадвае пачатак Другой сусветнай вайны, аналізуе свае паразы і перамогі. Беларусь робіць выгляд, што 1 верасня – выключна Дзень ведаў… Школа, падручнікі, кветкі. Прыгожы цёплы верасень. Прыгожае добрае свята.

Усё так, але ж гэта не ўсё…  У Гузаве, дзе прайшло дзяцінства М. К. Агінскага, Гітлер у свой час зладзіў банкет з нагоды капітуляцыі Варшавы і ўсёй Польшчы ў вайне. У Залессі падчас Другой сусветнай у старой аранжарэі сядзібы Агінскіх была школа… Беларускамоўная. Саветы ж прыйшлі яшчэ ў 1939 годзе – гэта і быў пачатак вайны, пра які цяпер не прынята згадваць на дзяржаўным узроўні… Але старыя людзі ў Залессі памяталі і памятаюць бедных, галодных і дзікаватых людзей з Усходу, якія прыйшлі ўз’ядноўвацца з Захадам. Што думалі заходнікі на гэты конт – справа іншая.

Супярэчлівае пачуццё ўзнікае, калі твой дом падзелены на дзве часткі. І адна частка сям’і жыве ва ўмовах халоднага барака, а другая – ва ўмовах дыхтоўнай дагледжанай сядзібы. Варта зазначыць, што і сядзіба, і барак не з’яўляліся прыватнай “уласнасцю” той самай сям’і. Уз’яднанне адбылося – жыццё весялейшым не стала. Да таго ж адна акупацыя хутка змянілася іншай…

80 год ад пачатку Другой сусветнай вайны. Прэзідэнт Германіі папрасіў прабачэння ў Польшчы ды палякаў за ўсё, што адбылося. Германія робіць гэта не першы раз. Бадай, іншай дзяржаве таксама варта было б падумаць пра сваю частку віны, але ж не, гэта была б ужо іншая дзяржава! І яе сатэліт 1 верасня разважаў бы пра веды трохі ў іншым ключы. Веды – гэта не сухія формулы і правілы ў прыгожых рамачках, веды – гэта яшчэ і жаданне разумець, памятаць, прымаць розныя версіі. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ