Уладзімір Ігнацік не прайшоў у другі круг „Чэленджара” ў Францыі



Беларускі тэнісіст Уладзімір Ігнацік (268 АТП) не змог прабіцца ў другі круг „Чэленджара” ў французскім Касісе.

У стартавым раундзе наш суайчыннік саступіў французу Трыстану Ламазіну (248) – 6:7, 2:6.

Дзве беларускія тэнісісткі выйшлі ў чвэрцьфінал парнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША. Арына Сабаленка і бельгійка Элізэ Мэртэнс у матчы 1/8 фіналу абыгралі ў двух сэтах іспанска-швейцарскі тандэм Сара Сорыбес-Торма/Вікторыя Галубіч – 6:3, 7:5. Аляксандра Сасновіч і славачка Вікторыя Кужмава адолелі аўстралійска-амерыканскі дуэт Элен Перэс/Даніэль Колінз – 7:6, 5:7, 7:5. У чвэрцьфінале беларуска-славацкая пара згуляе з канадкай Габрыэлай Даброўскі і кітаянкай Сюй Іфань.

Пётр Хілько пакінуў пасаду галоўнага трэнера жаночай зборнай Беларусі па валейболе

Галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па валейболе Пётр Хілько пакінуў свой пост у сувязі з няўдалым выступленнем каманды на чэмпіянаце Еўропы. Пра сваю адстаўку ён абвясціў на пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі валейбола. На першым этапе кантынентальнага чэмпіянату валейбалісткі зборнай Беларусі гулялі ў славацкай Браціславе і пацярпелі 5 паразаў у 5 матчах. Падапечныя Пятра Хілько саступілі камандам Расеі, Іспаніі, Славакіі, Германіі і Швейцарыі, заняўшы апошняе месца ў папярэдняй групе D.

Беларускія лёгкаатлеты заваявалі тры ўзнагароды ў Берліне

Беларускія спартоўцы заваявалі тры ўзнагароды на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы ISTAF Berlin 2019. У скачках у вышыню на другую прыступку п’едэстала падняўся беларус Максім Недасекаў. Бронзавым прызёрам стаў яго партнёр па камандзе Дзмітрый Набокаў. Залаты медаль у немца Матэуша Пшыбылкі. На трэцюю прыступку п’едэстала гонару ў скачках у даўжыню ўзнялася беларуска Анастасія Мірончык-Іванова. Перамагла ў гэтай дысцыпліне немка Малайка Міхамбо. Другое месца заняла Алена Сакалова, якая выступае пад нейтральным сцягам.

Дзмітрый Мільчакоў падпісаў кантракт з „Арланам” з Казахстана

Беларускі брамнік Дзмітрый Мільчакоў падпісаў кантракт з „Арланам” з Казахстана. 33-гадовы хакеіст у сезоне 2018/19 выступаў за чэшскі „Пльзень”, у складзе якога правёў 11 гульняў. Таксама ён адыграў чатыры матчы за зборную Беларусі на чэмпіянаце свету ў Нур-Султане. Гэтым летам Дзмітрый падпісаў пробны кантракт з менскім „Дынама”, аднак неўзабаве пагадненне было скасавана. „Арлан” ў мінулым сезоне выйграў Кантынентальны кубак.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота: AP 2019