У Беларусі скарочаны пералік ліцэнзаваных відаў дзейнасці



Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 326 „Аб удасканаленні ліцэнзавання”, які накіраваны на ліквідацыю залішняга рэгулявання ў сферы ліцэнзавання і спрашчэнне патрабаванняў, што выстаўляюцца да ліцэнзіятаў.

У гэтых мэтах, як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, забараняецца прыпыненне і спыненне дзеяння ліцэнзіі за нязначныя парушэнні і фармальныя правіны. Таксама ўказам замацоўваюцца іншыя асноўныя прынцыпы, на аснове якіх павінна ажыццяўляцца ліцэнзаванне. Да такіх прынцыпаў, у прыватнасці, аднесены вызначэнне вычарпальнага пераліку ліцэнзійных умоў з улікам іх разумнасці, суразмернасці і эканамічнай абгрунтаванасці, максімальнае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій пры ўзаемадзеянні дзяржорганаў з ліцэнзіятамі.

З 1 кастрычніка 2019 года адмяняецца ліцэнзаванне асобных відаў дзейнасці. Так, прадугледжана адмова ад ліцэнзавання дыягностыкі, прафілактыкі захворванняў і лячэння жывёл, аховы юрыдычнай асобай сваіх работнікаў і маёмасці, патолагаанатамічнай дыягностыкі, гандлю сродкамі супрацьпажарнай абароны, аптовага і рознічнага гандлю мазутам і нафтабітумам, захоўвання і прыёму ў залог каштоўных металаў і камянёў, трансляцыі тэлевізійных праграм і эфірнай трансляцыі гукавых праграм.

Для развіцця экспарту медыцынскіх паслуг, павышэння даступнасці платных медыцынскіх паслуг істотна спрашчаюцца патрабаванні да ажыццяўлення гэтага віду дзейнасці, у тым ліку зніжаюцца патрабаванні да стажу медыцынскіх работнікаў, выключаецца неабходнасць наяўнасці ў штаце недзяржаўных арганізацый аховы здароўя ўрачоў толькі першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

„Далейшае сістэмнае ўдасканаленне ліцэнзавання ў адпаведнасці з указам прапаноўваецца рэалізаваць у рамках канцэптуальна новага дакумента — закона, які рэгулюе ўсе аспекты ліцэнзавання”, — гаворыцца ў паведамленні.

27 жніўня пры разглядзе праекта гэтага ўказа Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Я так разумею, што праект указа падрыхтаваны ва ўрадзе па даручэнні, якое было дадзена на нарадзе з прадпрымальнікамі ў свой час. Пры гэтым я хачу сказаць, што мы зрабілі ў апошні час беспрэцэдэнтныя крокі па адмене лішніх дазволаў. Я ўжо не ведаю, якія напрамкі ў нас рэгулююцца такім чынам, якім відам дзейнасці трэба займацца, каб ісці атрымліваць дазвол, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У нас лібералізавана гэтая сістэма настолькі, наколькі ні ў адной краіне яна не лібералізавана. Але, зноў жа, жыццё ідзе, усё змяняецца. Відаць, недзе нешта трэба падкарэктаваць. Дзе, навошта і чаму?”

Першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын па выніках размовы ў прэзідэнта паведаміў, што ў Беларусі закон аб ліцэнзаванні будзе прыняты новым складам парламента. Паводле яго слоў, кіраўнік дзяржавы ўхваліў прапанову ўрада, каб ужо з новым складам парламента на яго пляцоўцы з шырокім прыцягненнем бізнес-супольнасці, дзяржорганаў быў распрацаваны закон аб ліцэнзаванні. „Прапанаваў прэзідэнт такі механізм: няхай кожны абгрунтуе, для чаго яму ліцэнзія. Няхай кожны дзяржорган скажа, для чаго яму ліцэнзаваць той ці іншы від дзейнасці”, — адзначыў Турчын.

БелаПАН