Улады закрываюць шлях да сумленных выбараў



2 верасня завяршыўся першы значны этап правядзення выбараў у Палату Прадстаўнікоў НС Беларусі – фармаванне акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Арганізацыі, што ўваходзяць у кампанію назірання за выбарамі «Права выбару» вылучылі агулам па краіне 211 чалавек у склад акруговых і абласных выбарчых камісіяў.

У камісіі тых 20 акругаў, дзе будуць вылучацца кандыдатамі рэгіянальныя лідары «Права выбару» і якія знаходзяцца на кантролі кампаніі назірання, вылучаныя 55 чалавек. Вылучэнне адбывалася як рашэннямі адпаведных кіруючых органаў арганізацыяў, так і шляхам збору подпісаў грамадзянаў. Таксама былі вылучаныя 27 чалавек у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў у Менску і абласцях Беларусі.

Пераважная большасць вылучаных дэмакратычнымі арганізацыямі кандыдатураў была адкінутая. Не толькі гэтыя асобы, шматлікія з якіх маюць вялікі досвед грамадска-палітычнай дзейнасці ды ўдзелу ў выбарчых кампаніях, але таксама і арганізацыі, што іх вылучылі, і ўсё беларускае грамадства было пазбаўленае права ўплываць на падрыхтоўку ды правядзенне выбараў у нашай краіне.

З 55 чалавек, вылучаных на 20 кантрольных акругах, у склад акруговых камісіяў былі ўключаныя толькі 2.

З 27 вылучэнцаў у абласныя і Менскую гарадскую выбарчыя камісіі ўлады не ўключылі нікога.

Нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару» Аляксандр Сілкоў так пракаментаваў прэсавай службе кампаніі вынікі фармавання акруговых ды тэрытарыяльных камісіяў:

– Улады сваімі рашэннямі і дзеяннямі закрываюць шлях да сумленных выбараў. Выбарчыя камісіі фармуюцца не паводле прынцыпаў празрыстасці, роўнасці правоў ды магчымасцяў, а паводле палітычнай мэтазгоднасці ды лаяльнасці да цяперашніх уладаў. Адпаведна, гэтыя камісіі будуць працаваць у інтарэсах цяперашняй улады, а не ў інтарэсах усёй краіны. Мы не мелі асаблівых чаканняў, усе дзеянні і заявы ўладаў напярэдадні выбараў і сам шлях іх прызначэння сведчылі, што ўлады не маюць намеру даць права выбару грамадзянам краіны. І цяпер мы маем чарговы факт непразрыстасці і несумленнасці выбараў у Беларусі.

Арганізацыі-ўдзельніцы «Права выбару» ужо пачалі звяртацца ў суды, дзе будуць абскарджваць рашэнні аб фармаванні акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.

Арганізацыі-ўдзельніцы «Права выбару», а таксама каманды патэнцыйных кандыдатаў-лідараў кампаніі назірання, рыхтуюцца вылучыць больш за 300 чалавек у склад участковых выбарчых камісіяў. Фармаванне УВК павінна быць праведзенае да 2 кастрычніка 2019 года.

Кампанія назірання «Права выбару-2019»