Партфель



Узнікла спрэчка са школьнай сяброўкай: ці нармальна гэта паказваць па ТВ уручэнне партфеляў дзецям з бедных сем’яў?

Яна гаворыць, што такія сюжэты заахвочваюць да дабрачыннасці. І сама справа добрая. 

А мне здаецца, што гэта: і парушэнне правоў дзяцей і не самы добрыя піяр, у тым ліку, дзяржаве, дзе партфелі трэба „уручаць” пад кінакамерай. 

А яна мне кажа: 

– Усё залежыць ад таго, што ў іх дома. Калі там мама і тата алкашы, то яму гэты парфель „за шчасце”. 

А я кажу: 

– Тым больш: яго пакажуць па тэлевізары, і ўсе аднакласнікі будуць ведаць, што мама і тата не змаглі купіць яму партфель. А зрабілі гэта „добрыя цёці” з аддзела адукацыі. 

А яна мне: 

– А што ты скажаш пра фільмы, якія нельга здымаць і паказваць? 

– Што за фільмы такія?

– Фільмы, дзе паказаны гвалт. 

– Дык уручэнне партфеляў, у якасці сюжэта для ТВ,  і ёсць гвалт. Гэты ж дзіцёнак не можа нават заікнуцца, каб сцэну ўручэння партфеля не паказвалі ўсім. І адмовіцца ад дабрачыннага партфелю не можа. Не можа нічога ў гэтай сітуацыі. 

Ды і не тая рэч партфель, каб яго „уручалі”.

І дзіўна, што ёсць абсалютна быццам бы нармальныя людзі, якія кажуць, што гэта добры і пазітыўны сюжэт.

Тут жа дзіця як рэч – без правоў абсалютна. 

Гэта іншы свет – добрае тое, што добрае на паверхні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ