Берасцейскае „Дынама” арганізуе дабрачынны матч з „Ягелоніяй”



Таварыскі матч паміж футбольнымі клубамі „Дынама-Брэст” і беластоцкай „Ягелоніяй” стане развітальным для Рамана Васілюка, які ўжо завяршыў кар’еру.

Кіраўніцтвам клуба прынятае рашэнне зрабіць гэтую сустрэчу дабрачыннай. Усе сродкі ад продажу квіткоў будуць пералічаныя Мікіту Палуянаву, маленькаму футбалісту, які атрымаў цяжкую траўму.

Развітальны матч Рамана Васілюка пройдзе 7 верасня на ОСК „Брэсцкі” і пачнецца ў 17.30. Кошт квітка на любое месца – 3 рублі.

Абаронца зборнай Беларусі Нік Бэйлен выбыў са строю

Абаронца зборнай Беларусі Нік Бэйлен не змог дайграць матч у форме „Трактара” супраць „Віцязя” у стартавым туры чэмпіянату КХЛ, паведамляе hockey.by. Як распавёў на прэс-канферэнцыі галоўны трэнер чэлябінскага клуба Петэрыс Скудра, у Бэйлена „непрыемнае пашкоджанне” і ён прапусціць пару гульняў.

Крышціяну Раналду абышоў Жуана Феліша і Бярнарду Сілву ў спрэчцы за найлепшага гульца года ў Партугаліі

У Партугаліі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння ўзнагароды найлепшага футбаліста краіны. У рэкордны дзясяты раз гэтыя лаўры атрымаў форвард „Ювентуса” Крышціяну Раналду. У фінале галасавання Крыштыяну Раналду апярэдзіў форварда „Атлетыка” Жуана Феліша і паўабаронцу „Манчэстар Сіці” Бярнарду Сілву. У мінулым сезоне 34-гадовы Крышціяну Раналду выйграў чэмпіянат Італіі з „Юве” і Лігу нацый са зборнай Партугаліі.

Яўген Канаплянка падпісаў трохгадовы кантракт з данецкім „Шахцёрам”

Украінскі паўабаронца нямецкага „Шальке-04” Яўген Канаплянка перайшоў у данецкі „Шахцёр”, пацвердзілі прэс-службы абодвух клубаў. Як паведамляе афіцыйны сайт данятчан, гулец падпісаў кантракт на тры гады – да лета 2022-га.

Беларускія футбалісткі матчам з Фарэрамі стартуюць ў кваліфікацыі ЧЕ-2021

Футбалісткі зборнай Беларусі сёння правядуць стартавы матч адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы-2021. Упершыню жаночая нацыянальная каманда згуляе на полі „Барысаў-Арэны”, дзе яе супернікам будзе каманда Фарэрскіх выспаў. Калі падапечныя Юрыя Малеева толькі пачынаюць свой шлях у кваліфікацыйнай групе С, то іх суперніцы ўжо правялі адзін паядынак, буйна прайграўшы на сваім полі камандзе Уэльса – 0:6.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: dynamo-brest.by