Надзея Артымовіч: Нават калі загіне свет, застанецца паэзія, музыка і дабрыня чалавека



«Я на такую неспадзяваную вестку вельмі ўзрушаная», – кажа Надзея Артымовіч.

Журы прэміі Наталлі Арсенневай апублікавала кароткі шорт-ліст намінантаў. Адна з трох кніг у гэтым лісце належыць паэтцы з Падляшша Надзеі Артымовіч:

– Гэта вельмі важна для нашага беларускага асяроддзя тут, на Падляшшы. І думаю, што гэта ёсць прызнанне ўвогуле людзей, якія штосьці хочуць і нешта спрабуюць зрабіць у літаратуры. Гэта важна, і гэтая вестка мяне моцна кранула, я ўзрушаная і нават хвалююся.

Тое, што ейнае імя апынулася ў шорт-лісце, для яе вялікі гонар, кажа Надзея Артымовіч:

– Я пішу  простымі словамі, і калі чытач пачуў у гэтых маіх словах некалькі важных слоў для сябе, дык гэта важна для паэта, што рэдка, дарэчы, здараецца. Так было, ёсць і будзе. Паэзія, як кажуць літаратуразнаўцы, – самая высокая паліца ў літаратуры і самая цяжкая. Я не ведаю, ШТО ёсць паэзія, толькі ведаю, што даўно ў старажытнасці сказалі, што нават калі загіне свет, застанецца паэзія, музыка і дабрыня чалавека.

Сёлета ў іншай прэстыжнай літаратурнай прэміі – імя Гедройца – намінантам з’яўляецца яшчэ адзін пісьменнік з Падляшша Міхал Андрасюк. Кнігі Надзеі Артымовіч і Міхала Андрасюка выдадзеныя праграмнай радай тыднёвіка «Ніва» пры падтрымцы радыё «Рацыя».

Нагадаем, што цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай, на якой будзе названы пераможца прэміі, адбудзецца 10 верасня а 19.00 у кафэ «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33).

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя