Пагранслужба Украіны абвергла заявы Лукашэнкі пра паток зброі



Дзяржаўная пагранічная служба Украіны абвергла апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра паток зброі з гэтай краіны ў Беларусь.

„Мы неаднаразова чулі за апошнія гады ад беларускага боку пра нібыта паток зброі, у тым ліку кантрабандным шляхам, менавіта з Украіны, аднак пацвярджэння гэтым фактам мы не знаходзілі. Ні разу нас не інфармавалі пра выпадкі”, — сказаў спікер службы Андрэй Дземчанка ў эфіры ўкраінскага тэлеканала NewsOne.

Паводле яго слоў, за восем месяцаў 2019 года на мяжы з Беларуссю выяўлена 38 адзінак зброі, з іх 20 — на ўездзе ва Украіну, „гэта значыць яго спрабавалі перавезці менавіта з Беларусі”.

„Калі яны кажуць пра ўзмацненне мер памежнай бяспекі, то яны могуць больш пільна правяраць як грамадзян, так і транспартныя сродкі, якія перасякаюць мяжу”, — прапанаваў Дземчанка.

Пагранслужба Украіны выступіла з заявай, у якой падкрэслівае, што „працягвае прымаць меры, скіраваныя на барацьбу з незаконным перамяшчэннем зброі ці іншых забароненых прадметаў цераз дзяржаўную мяжу”.

„Такія мерапрыемствы праводзяцца на ўсіх участках мяжы, у тым ліку і на мяжы з Беларуссю”, — гаворыцца ў рэлізе. Пры гэтым на ўкраінска-беларускай мяжы не фіксуецца павелічэнне „колькасці спроб незаконнага перамяшчэння зброі”.

„Усяго з пачатку 2019 года на мяжы з Рэспублікай Беларусь памежнікі выявілі амаль 40 адзінак зброі, што больш чым на 40% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года… Сярод выяўленага толькі адна адзінка агнястрэльнай зброі, астатняе — паляўнічая, газавая, пнеўматычная, халодная і электрашокавая зброя”, — адзначае служба.

Паводле яе інфармацыі, усе пункты пропуску з Беларуссю працуюць у штатным рэжыме.

3 верасня ў Менску на адкрыцці міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Беларусь была вымушаная „наглуха закрыць” мяжу з Украінай з-за патоку зброі. „Ну а там, дзе зброя ў руках у звычайных людзей, і асабліва нацыяналістычна настроеных, чакай тэрарызму. І спакойная Беларусь, не дай бог, можа збіраць гэты плён і атрымаць тое, для чаго ў нас няма быццам бы падстаў”, — перасцярог афіцыйны лідар.

4 верасня ў праграме „Размова ў прэзідэнта” на тэлеканале „Беларусь 1” дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась заявіў, што Беларусь не закрывае пункты пропуску з Украінай, а ўдасканальвае іх і ахову мяжы для недапушчэння нелегальнага трапляння зброі.

„Мы выбудоўваем жорсткую заслону для тых, хто прыходзіць з іншымі мэтамі, неправамернымі. Для гэтага ўмацоўваецца мяжа, тое, што знаходзіцца за межамі пунктаў пропуску. Гэта не нейкая надзвычайшчына, гэта нармальны працэс — выбудоўванне дзяржаўнай мяжы з суседняй дзяржавай. Мы ўлічваем тыя рызыкі, якія зыходзяць з суседняй тэрыторыі”, — сказаў дзяржсакратар.

БелаПАН